У Дагестане і Чачні праходзяць масавыя рэйды на прызыўнікоў, паведамляюць праваабаронцы, юрысты і мясцовыя жыхары. У ваенкаматы гвалтоўна вязуць нават студэнтаў, якія маюць афіцыйную адтэрміноўку, некаторых адпраўляюць на службу ўжо праз два-тры дні, перадае «Крым.Реалии».
Грамадзянскія актывісты сьцьвярджаюць, што некаторыя злоўленыя аказваюцца на вайне супраць Украіны.
Пра сытуацыю «Крым.Реалии» апавёў праваабаронца Іван Чувіляеў з ініцыятывы «Ідзіце лесам».
- «Гэтыя навіны пачалі паступаць нам амаль месяц таму, яшчэ ў пачатку траўня. І Махачкала ў гэтым годзе — гэта перадавік сярод небуйных цэнтраў, таму што перш аблавы былі ў Маскве, Пецярбургу, Чалябінску, Екацярынбургу, Казані».
- «Цяперашнія аблавы ў Дагестане выглядаюць максымальна тупа і прымітыўна: па горадзе проста курсуюць аўтобусы і зьбіраюць усіх мужчын, якія выглядаюць на прызыўны ўзрост. Людзей хапаюць і грузяць, а далей ужо разьбіраюцца».
- «У Махачкале іх [затрыманых] расьцягваюць проста па вольных ваенкаматах. У выніку блізкія гэтых маладых людзей змушаныя літаральна кідацца паміж ваенкаматамі, каб зразумець, дзе ж іх родны чалавек».
- Затрымліваюць і студэнтаў, нягледзячы на адтэрміноўкі. «У Махачкале даведкамі аб пастаноўцы на ўлік у ваенкамаце, прыпісным пасьведчаньнем проста падціраюцца».
- «Выпускнікам выдаюць позвы з датай яўкі літаральна на дзень абароны дыплёма, а то і раней».
- «Мы можам з упэўненасьцю казаць, што і мянты, і ваенкаматаўскія на Каўказе больш жорстка працуюць», — кажа Іван Чувіляеў.
У Расеі сёлета праходзіць самы масавы за апошнія 14 гадоў прызыў — на 160 тысяч чалавек. Вясновая кампанія пачалася 1 красавіка і працягнецца да 15 ліпеня. Пра парушэньні і масавыя аблавы паведамляюць праваабаронцы з усёй краіны. Людзей з хранічнымі захворваньнямі і мэдадводам затрымліваюць і спрабуюць аформіць у войска адным днём.
Каля сотні затрыманых расейскіх вайскоўцаў учынілі бунт у Краснадары ўначы на 19 красавіка. Семярым удалося зьбегчы, але неўзабаве іх усіх затрымалі.
З вайсковага палігону пад Растовам-на-Доне ў ноч на зьбеглі 9 траўня дзесяць асуджаных, у тым ліку па гвалтоўных артыкулах, якія рыхтуюцца да адпраўкі ва Ўкраіну.
«Крым.Рэаліі» — крымскі праект украінскай службы «Радыё Свабода» — стартаваў у сакавіку 2014 году, адразу пасля акупацыі і падчас анэксіі Расеяй Крымскага паўвострава.
Форум