9 чэрвеня ў веку 86 гадоў пасьля кароткай хваробы памёр адзін з самых папулярных брытанскіх пісьменьнікаў Фрэдэрык Форсайт. Побач зь ім была ягоная сям’я. Яго літаратурныя агенты і выдаўцы пацьвердзілі гэтую сумную навіну, паведаміла AP.
Фрэдэрык Форсайт нарадзіўся ў 1938 годзе ў Англіі. Быў пілётам Каралеўскіх ВПС. У 1960-я гады працаваў карэспандэнтам агенцтва Reuters ў Парыжы. Узначальваў бюро гэтага агенцтва ва Ўсходнім Бэрліне.
Ён асьвятляў спробу замаху на прэзыдэнта Францыі Шарля дэ Голя ў 1962 годзе, што натхніла яго напісаць палітычны трылер аб прафэсійным забойцы «Дзень шакала».
Гэтая кніга выйшла ў сьвет у 1971 годзе, стала бэстсэлерам і прынесла яму ўсясьветную славу.
Узнагароджаны ордэнам Брытанскай імпэрыі. Сярод ягоных найвядомейшых раманаў — «Дасье ODESSA», «Псы вайны», «Чацьвёрты пратакол».
Ён напісаў больш за 20 кніг, якія прадаліся накладам больш як 75 мільёнаў асобнікаў і былі перакладзены на дзясяткі моваў.
Ягоныя творы шмат разоў экранізаваліся, у тым ліку апошнім часам. У 2023 Disney выпусьціў кароткамэтражны фільм «Пастыр», а ў 2024-м пачаўся паказ шматсэзоннага сэрыялу «Дзень шакала», які ўжо атрымаў прызнаньне гледачоў.
У 2015 годзе Фрэдэрык Форсайт даў інтэрвію Радыё Свабода, дзе пэсымістычна выказаўся наконт будучыні Эўропы. Вось некалькі цытат зь яго.
«У большасьці людзей спрацоўвае статкавы інстынкт — ім камфортна ў натоўпе. Мне ж заўсёды было вельмі дыскамфортна ў ім, я імкнуўся за межы калектыўных зборышчаў. Калі натоўп імкнуўся ў адным кірунку, я інстынктыўна кіраваўся ў процілеглы бок. Я заўсёды знаходзіўся за межамі сацыяльнага мэйнстрыму, асабліва за межамі істэблішмэнту. Аднак заўсёды гэта быў мой уласны выбар».
«Ніколі ня быў шпіёнам. Шпіён — гэта чалавек, які выкрадае сакрэтныя дакумэнты, зьбірае сакрэтную інфармацыю і перадае арганізацыі, на якую працуе. Людзі, якія, як і я, бралі нейкія дакумэнты і перапраўлялі іх на радзіму, былі проста пасыльнымі, хлопчыкамі на пасылках. Так, я некалькі разоў быў такім хлопчыкам на пасылках. Ня больш за тое».
«Галоўны вораг нашай цывілізацыі цяпер — гэта ісламскі фундамэнталізм і тэрарызм».
«Ствараецца ўражаньне, што Пуцін мае намер рэканструяваць Савецкі Саюз: уключыць у зону свайго ўплыву Ўкраіну, Беларусь, Армэнію, Грузію. Гэта старая імпэрская палітыка. Магчыма, што ў самой Расеі такая палітыка і карыстаецца папулярнасьцю, але яна непазьбежна вядзе да дэстабілізацыі цяперашняга становішча ў сьвеце і ўспрымаецца Захадам як пагроза. Хацелася б, каб Расея далучылася да Захаду ў барацьбе з тэрарызмам і дыктатарскімі рэжымамі ва ўсім сьвеце. Гэта выклікала б усеагульнае ўхваленьне.»
«Я ніколі ня быў прыроджаным пісьменьнікам. Магчыма, я быў прыроджаным журналістам, але ніяк не прыроджаным бэлетрыстам. Я ўзяўся за пісьменьніцтва толькі з матэрыяльных меркаваньняў».
Форум