Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаваньні зьняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч


Мікола Дзядок у судзе ў чэрвені 2021 году
Мікола Дзядок у судзе ў чэрвені 2021 году

Адвакатка Натальля Мацкевіч абараняла апанэнтаў Лукашэнкі — тых, каго рэжым жорстка пакараў і асудзіў на вялізныя тэрміны зьняволеньня: Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марфу Рабкову, Мікалая Дзядка. Яна бачыла тое, што ўлады прыхоўваюць. Яе аповед — не эмоцыі, а факты.

Натальля Мацкевіч у вялікім інтэрвію Свабодзе, сярод іншага, расказала, як сустракалася са зьняволеным актывістам анархісцкага руху Мікалаем Дзядком пасьля таго, як ён прайшоў катаваньні.

Цалкам інтэрвію з Натальляй Мацкевіч:

Прапануем урыўкі з інтэрвію:

— Зь Мікалаем Дзядком я пазнаёмілася лякарні. Ён ляжаў там з чэрапна-мазгавой траўмай, якая зьявілася пасьля яго затрыманьня па дарозе на марш 25 сакавіка 2017 году. Таму для мяне была даволі прадказальнай сытуацыя, калі «праваахоўныя органы» білі Мікалая, дзе толькі яго бачылі. У 2017 годзе яго нават не прынялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а адправілі лякарню хуткай дапамогі пасьля затрыманьня.

— У лістападзе 2020 году мне сталі прысылаць кадры зь відэа, на якім пабіты Мікалай Дзядок. Людзі ведалі, што я ягоны адвакат. Дасьведчаныя людзі разумелі, што ён ня проста пабіты і што выкарыстоўвалі сьлезацечны газ.

— Таго, што я на наступны дзень пабачыла ў ІЧУ, я нікому не пажадаю бачыць. Мікола Дзядок ня быў зламаны, але ён быў рэальна разьбіты, пабіты. Кроў зь яго не цякла, але і рукі, і твар былі ў сьлядах ад пабіцьця. Ён нават сам не чакаў, што зь ім могуць абыходзіцца так брутальна. Гэта была цэлая ноч біцьця і пагрозаў. Потым ён расказваў пра гэта ў судзе. Ён сказаў мне: «Зрабіце нешта, каб гэта больш не паўтарылася». Наколькі я ведаю, у той пэрыяд гэта не паўтарылася — спадзяюся, што і цяпер не.

— Мы паказалі сьледчаму ягоныя гематомы — на ўсе ногі, на ўсю дупу, на ўсю сьпіну. Я шмат што бачыла, але такога не хацела б больш ніколі бачыць. Я адразу ж напісала хадайніцтва пра экспэртызу. Хоць экспэртызу правялі празь нейкі тыдзень, там ёсьць фота ягоных сінякоў з апісаньнем, памерамі і высновай, што яны не маглі ўтварыцца падчас падзеньня. Гэтая экспэртыза ёсьць і ў ягонай крымінальнай справе, але па факце перавышэньня службовых паўнамоцтваў мелася б быць асобная справа. Была праверка, але яна, як заўсёды, ні да чаго не прывяла, як і ўсе заявы пра катаваньне ў той час.

— Яго білі, каб атрымаць паролі ад цьвёрдага дыску. Але магчыма, што білі проста, каб прыгнесьці ягоную волю і ў нечым адпомсьціць. Бо можна ж было ня біць спачатку і пытацца потым. Мы ведаем, што пры затрыманьні яму насоўвалі на галаву падушку, распылялі сьлезацечны газ у твар і зачынялі яго ў кладоўцы, куды распылялі газ, білі рукамі і нагамі. Потым у будынку ГУБАЗіК яго білі да самага ранку, прышпільвалі наручнікамі, пагражалі.

Мікалай Дзядок — блогер, які пісаў і здымаў відэа на грамадзка-палітычныя тэмы, журналіст, актывіст анархісцкага руху.

Затрымалі яго 11 лістапада 2020 году. Пры затрыманьні Дзядка моцна пабілі, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Сілавікі гвалтам прымусілі яго зьняцца на камэру для роліку МУС. Дзядок на судзе заявіў, што пасьля затрыманьня яго катавалі — білі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваньнем.

10 лістапада 2021 году Дзядка асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле трох артыкулаў:

  • арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»),
  • арт. 361 КК («Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»),
  • арт. 295-3 КК («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснаванае на выкарыстаньні гаручых рэчываў»).


Мікалай Дзядок не прызнаў віну па ніводным артыкуле. Ён меў выйсьці на волю 4 красавіка, але яго перавялі ў СІЗА № 1 у новай крымінальнай справе, паведаміў у красавіку прысьвечаны палітвязьню тэлеграм-канал.

У верасьні 2024 году стала вядома, што на Міколу Дзядка завялі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу — «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Гэты артыкул прадугледжвае пазбаўленьне волі цягам ад аднаго да трох гадоў. Артыкул дазваляе практычна бясконца працягваць тэрмін зьняволеньня палітвязьням.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG