Гэтыя ды іншыя найважнейшыя падзеі тыдня вядоўца Ганна Соўсь абмяркоўвае з гісторыкам і палітолягам Розай Турарбекавай і аглядальнікам Свабоды Юр’ем Дракахрустам.
Тут фрагмэнты абмеркаваньня
Пра апэрацыю «Павуціна»
Роза Турарбекава: Разважаньні пра тое, што магчымыя нейкія ўдары па беларускіх прадпрыемствах і што там ёсьць так званыя «законныя мэты», — усё гэта на сёньняшні дзень усё яшчэ выглядае ня вельмі рэалістычна, менавіта таму, што Беларусь і беларускае войска не прымаюць наўпроставага ўдзелу ў гэтай вайне. І для Украіны, як мне падаецца, вельмі важна, каб так яно і заставалася. Іншая справа, што інтэнсыфікацыя вайны можа прывесьці да нечаканых наступстваў.
Таксама Лукашэнка, як і Пуцін, як і ўсе астатнія ў сьвеце, убачылі магчымасьці, дакладней, рызыкі і пагрозы для сябе ад падобнага роду апэрацый, што не зьяўляюцца дарагімі, якія могуць ажыцьцяўляцца з выкарыстаньнем адносна простых тэхналёгій. І гэта ў цэлым можа паўплываць на перагляд сваіх уласных магчымасьцяў і прымусіць паводзіць сябе яшчэ больш асьцярожна ў дачыненьні да Кіева.
Юры Дракахруст: Удар украінцаў па расейскай стратэгічнай авіяцыі — апэрацыя безумоўна надзвычай эфэктная. Але казаць пра яе стратэгічную ролю я б не сьпяшаўся. Гэтая атака — маштабаваная атака таксама дронамі на расейскі самалёт у Мачулішчах у лютым 2023 году. Гэта была вельмі ўдалая апэрацыя, але стратэгічна яна мала што зьмяніла. Як і апэрацыя ЎСУ ў Курскай вобласьці. Спадзевы на стратэгічны пералом былі і тады. Але яго не адбылося. Цяпер украінскія войскі выціснутыя з гэтай вобласьці РФ. Стратэгічным наступствам той апэрацыі стала наўпроставае ўцягваньне ў вайну Паўночнай Карэі. Але такое наступства ня можа радаваць ані Кіеў, ані Вашынгтон, ані Брусэль.
Што да магчымасьцяў украінскіх удараў па тэрыторыі Беларусі — дык яны заўсёды былі. Беларусь ня так далёка ад Ўкраіны, да яе даб’юць і ракеты з тэрыторыі Ўкраіны. Але тое, што іх не ўжываюць — гэта палітычная пазыцыя кіраўніцтва Ўкраіны. І яе, так выглядае, не мяняюць украінскія ўдары па расейскай стратэгічнай авіяцыі.
Пра візыт кіраўніка РПЦ у Беларусь
Роза Турарбекава: Цікава, што гэта адбываецца на фоне розных апошніх падзей — на фоне таго, што перад гэтым Лукашэнка наведаў Кітай, на фоне таго, што было абвешчана пра перанос вучэньняў «Захад-2025» углыб краіны. Вось гэтая напружанасьць на мяжы, яна, можа, крыху спала, але працягвае захоўвацца. На фоне няўдач перагаворнага працэсу паміж Украінай і Расеяй — і вось зараз, здаецца, утварылася пэўная паўза. І на фоне таго, што ўвогуле рэалізацыя праекта Саюзнай дзяржавы цяпер знаходзіцца на другім этапе, ідзе падрыхтоўка да трэцяга этапу гэтай так званай інтэграцыі. І ў цэлым гэта сьведчыць пра тое, што гэты візыт патрыярха — пэўнае замацаваньне ўсяго гэтага. А тое, што Лукашэнка атрымаў там ордэн, сьведчыць пра тое, што, маўляў, не варта хвалявацца за Беларусь. Падтэкст, відаць, такі, што мы ад вас нікуды не падзенемся.
Юры Дракахруст: Наўрад ці патрыярх Кірыл дасьць згоду на візыт Папы Рымскага ў Беларусь. Ёсьць пэўныя сыгналы, якія робяць гэтую згоду больш імавернай — гэта гутарка Ўладзіміра Пуціна з новым Папам, прапанова Ватыкану наконт пасярэдніцтва ў вайне. Але не дапускаць прыезду Папы на «кананічную тэрыторыю РПЦ», як кажуць у Маскве — гэтая палітыка працягваецца нават не дзесяцігодзьдзямі, а стагодзьдзямі. І яе наўрад ці памяняюць палітычныя гульні Крамля і Ватыкану. Але для Лукашэнкі запрашэньне Папы — жэст на адрас Захаду. Ён запрасіў, Кірыл не пагадзіўся, Лукашэнка маскоўскаму патрыярху загадаць ня можа. Разьлік на тое, што ў Ватыкане ацэняць і запрашэньне.
Пра візыт Лукашэнкі ў Кітай
Роза Турарбекава: Калі мы аналізуем беларуска-кітайскія адносіны, то апошнія дзесяць гадоў гаварылася, што ўзровень палітычнага супрацоўніцтва значна вышэйшы, чым усе астатнія ўзроўні. Хаця кітайцы працавалі над тым, каб уся структура адносін разьвівалася больш-менш гарманічна. За апошнія некалькі гадоў, у тым ліку з 2022 года, яны пачалі падвяргацца пэўным зьменам. І гэтыя зьмены, у тым ліку, зьвязаныя з падазрэньнямі з боку Злучаных Штатаў і Эўропы адносна супрацоўніцтва ў межах ваенна-прамысловага комплексу. Тут можна шмат спэкуляваць, але без дакладных зьвестак нельга. Ці сапраўды існуе такое ваенна-прамысловае супрацоўніцтва, ці не — гэта таксама застаецца адкрытым пытаньнем. Але тым не менш, гэтае супрацоўніцтва ў галіне прамысловасьці, відавочна, пачало разьвівацца ў апошнія гады больш інтэнсіўна, чым у мінулыя.
Юры Дракахруст: Гледзячы па ўсім, фармат візыту Лукашэнкі да Сі быў вызначаны загадзя. І не меркавалася, што падчас перамоваў будуць падпісаныя нейкія пагадненьні. Мэтай было паказаць, што Менск і Пэкін — па ранейшаму блізкія саюзьнікі. Лукашэнку гэта трэба для ўмацаваньня сваёй легітымнасьці, візыты ў афрыканскія краіны яе ня надта ўмацоўваюць. А вось Кітай.... Гэта важна і для Масквы, і для ЗША, і для Эўропы, і для астатняга сьвету. Са свайго боку Кітай наўрад ці зараз ускладае вялікія спадзевы на Беларусь. Санкцыі, ізаляцыя Менску — усё гэта робіць прывіднымі шанцы на ператварэньне Беларусі ў ключавы хаб для гандлю КНР зь Эўропай. Але Кітай проста раскладае яйкі па ўсіх кошыках, ён прасоўвае свой уплыў па ўсёй плянэце. Беларусь — адзін з такіх кошыкаў.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум