Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас не было праблемаў, пакуль не ўмяшаўся Трамп». Губэрнатар Каліфорніі патрабуе адклікаць Нацыянальную гвардыю з Лос-Анджэлесу


Пратэсты ў Лос-Анджэлесе, 8 чэрвеня 2025 году
Пратэсты ў Лос-Анджэлесе, 8 чэрвеня 2025 году

Губэрнатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам запатрабаваў ад адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа адклікаць загад аб разьмяшчэньні дзьвюх тысяч вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Лос-Анджэлесе, дзе ўспыхнулі пратэсты супраць дзеяньняў міграцыйнага ведамства, назваўшы загад незаконным. Гэта першы выпадак за апошнія дзесяцігодзьдзі, калі прэзыдэнт паклікаў Нацыянальную гвардыю бяз запыту ці згоды штату, адзначае CNN.

У інтэрвію MSNBC Ньюсам заявіў, што плянуе падаць у суд на адміністрацыю, дадаўшы, што Трамп «стварыў умовы» для пратэстаў.

«У нас не было праблемаў, пакуль не ўмяшаўся Трамп. Гэта сур’ёзнае парушэньне дзяржаўнага сувэрэнітэту — распальваньне напружанасьці і адток рэсурсаў адтуль, дзе яны сапраўды патрэбныя», — напісаў Ньюсам у сацыяльнай сетцы X.

Пры гэтым начальнік паліцыі Джым Макдонэл заявіў на брыфінгу для мэдыя ў нядзелю ўвечары, што пратэсты выходзяць з-пад кантролю, піша агенцтва Reuters.

Лос-Анджэлес, 8 чэрвеня 2025 году
Лос-Анджэлес, 8 чэрвеня 2025 году

У Лос-Анджэлесе ўжо некалькі дзён ідуць пратэсты пасьля рэйдаў службы іміграцыі, у ходзе якіх затрымалі дзясяткі чалавек. Паліцыя абвясьціла некалькі мітынгаў «незаконнымі сходамі», абвінаваціўшы некаторых пратэстоўцаў у тым, што яны кідалі ў паліцыю камяні, бутэлькі і іншыя прадметы.

Групы пратэстоўцаў, многія зь якіх несьлі мэксыканскія сьцягі і плякаты з асуджэньнем іміграцыйных уладаў ЗША, сабраліся ў розных месцах гораду.

«Некалі вялікі амэрыканскі горад Лос-Анджэлес быў захоплены нелегальнымі імігрантамі і злачынцамі. Цяпер натоўпы агрэсіўных мяцежнікаў нападаюць на нашых фэдэральных агентаў, спрабуючы спыніць нашыя апэрацыі дэпартацыі, але гэтыя беззаконныя закалоты толькі ўмацоўваюць нашу рашучасьць», — напісаў Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.

У нядзелю падчас пратэстаў былі затрыманыя 27 чалавек. Як піша CNN, за дзень пратэстоўцы падпалілі прынамсі два бесьпілётныя аўтамабілі Waymo і кідалі прадметы ў паліцэйскія машыны. Паліцыя ўжыла сьлезацечны газ і пярцовыя балёнчыкі для разгону пратэстаў.

Як мінімум два журналісты, якія асьвятлялі пратэсты, былі параненыя гумовымі кулямі. Пацярпелі брытанскі фатограф Нік Стэрн і карэспандэнтка аўстралійскага 9News Ларэн Томасі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG