Сьцісла:
- Спыненьне ваенных дзеяньняў, замірэньне ва Ўкраіне было б плюсам для дэмакратычных пэрспэктываў Беларусі.
- Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы паказалі павялічэньне падтрымкі права-кансэрватыўных сіл, рост антыэмігранцкіх настрояў. Гэта можа закрануць і беларускую дыяспару.
- Зьмяншэньне фінансаваньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі — гэта не часовая зьява, а кардынальны зрух у палітыцы Захаду.
- Калі новая беларуская эміграцыя ў Польшчы наладзіць супрацу зь беларускай меншасьцю ў гэтай краіне, то такі саюз можа стаць фактарам унутранай польскай палітыкі.
У Варшаве прайшоў трэці Беларуска-польскі экспэртны форум імя Рамана Скірмунта. Яго асноўнымі арганізатарамі зьяўляюцца «Палітычная сфэра» (зь беларускага боку) і Ośrodek Studiów Wschodnich (з польскага боку). Форум працаваў паводле правілаў Chatham House — можна паведамляць пра зьмест выступаў, але не спасылацца на аўтараў.
Пытаньне бясьпекі выходзіць на першы плян
Экспэрты былі аднадушныя ў тым, што адносіны паміж Беларусьсю і Польшчай вельмі напружаныя, знаходзяцца на мяжы варажнечы. Для афіцыйнага Менску Польшча зьяўляецца галоўным ворагам з многіх прычынаў. Бо польскі праект разьвіцьця даволі пасьпяховы, ён стаў прыкладам для многіх беларусаў. Палітыка Менска адносна Варшавы сынхранізуецца з Масквой. Таксама Польшча — цэнтар падтрымкі беларускай апазыцыі.
Апошнія паўгода назіраецца рост у два разы публікацый у дзяржаўных мэдыя Беларусі пра Польшчу. І гэта выклікана ня толькі польскімі прэзыдэнцкімі выбарамі. Экспэрты падлічылі, што ў матэрыялах пра Польшчу прозьвішча іх прэмʼера Дональда Туска згадваецца часьцей, чым Аляксандра Лукашэнкі.
Як і ў іншых краінах Эўразьвязу, у Польшчы назіраецца працэс, які ўжо атрымаў назву «сэкʼюрытызацыя палітыкі» (зьмяшчэньне фокусу са звычайных палітычных пытаньняў на пытаньні бясьпекі, што апраўдвае выкарыстанне надзвычайных захадаў). Гэта найперш назіраецца ў адносінах з Расеяй і Беларусьсю. Варшава ўмацоўвае абарону, робіць гэта пасьлядоўна. Гэты кірунак стаў прыярытэтным, што адбіваецца на іншых сфэрах стасункаў зь Беларусьсю.
Прагучаў папрок, што, маўляў, ЗША змаглі выцягнуць сваіх грамадзян з беларускай вязьніцы, а Польшча ня здолела вызваліць Анджэя Пачобута. Плюс да таго, беларускія тэлеканалы паказалі іншых арыштаваных грамадзян Польшчы, якія ў Беларусі абʼяўлены польскімі шпіёнамі. Але было ўдакладненьне: фармальна Пачобут не зьяўляецца грамадзянінам Польшчы, у яго беларускае грамадзянства.
Вайна ва Ўкраіне і рэгіянальная бясьпека
Цікавым было абмеркаваньне таго, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на сытуацыю, пытаньні бясьпекі ў рэгіёне. Было выказанае меркаваньне, што спыненьне ваенных дзеяньняў, замірэньне было б плюсам для дэмакратычных пэрспэктываў Беларусі. Бо фактар сэкʼюрытызацыі ў палітыцы краін Эўразьвязу стаў бы менш важкім. Зьнікне аргумэнт прапагандыстаў рэжыму, што, маўляў, Лукашэнка выратоўвае Беларусь ад вайны. Існы ў Беларусі рэжым не зацікаўлены ў ваеннай эскаляцыі, бо можа быць больш актыўна ўцягнуты ў яе, чаго не хацеў бы.
Заява міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна пра зьніжэньне парамэтраў беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025» і пераносе яго асноўных манэўраў углыб тэрыторыі Беларусі — сыгнал Захаду, найперш ЗША. Гэта спроба трапіць у рэзананс з палітыкай Дональда Трампа. Бо міралюбства, хоць бы на ўзроўні рыторыкі, цяпер у трэндзе.
Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы паказалі павелічэньне падтрымкі права-кансэрватыўных сіл. Гаворка ня толькі пра перамогу Караля Наўроцкага. Варта зьвярнуць увагу на ўзровень падтрымкі радыкальнага нацыяналіста Славаміра Мэнцэна (15%), які заняў трэцяе месца ў першым туры.
Уласна тут Польшча ўпісалася ў агульную тэндэнцыю, якая назіраецца ў краінах Захаду. Рост польскага нацыяналізму ў пэрспэктыве можа стварыць напружанасьць у адносінах з суседзямі. Гаворка ня толькі пра Беларусь, але і пра Нямеччыну, Украіну. Рост антыэмігранцкіх настрояў у заходніх краінах закране і беларускую дыяспару.
Фактар «мяккай сілы»
Увогуле фактар «мяккай сілы» (уплыў на іншыя краіны з дапамогай каштоўнасьцяў, культуры, гуманітарных чыньнікаў) у палітыцы Захаду зьніжаецца. У глябальным пляне на гэта зьвярнулі ўвагу пасьля прыходу да ўлады ў ЗША Дональда Трампа. Але суседзі Беларусі праводзяць падобную палітыку ўжо некалькі год.
Калі казаць пра Польшчу, то, напрыклад, у 2019 годзе яна выдала беларусам каля 600 тысяч візаў, а летась — толькі 150 тысяч. З шасьці пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы працягваюць працу толькі два: адзін адкрыты для легкавікоў і аўтобусаў, адзін для грузавікоў. Транспартныя заторы на мяжы пабілі ўсе рэкорды.
Што пішуць цяпер польскія мэдыі пра Беларусь? На першым месцы — атакі мігрантаў на мяжы, якія арганізоўваюцца беларускімі ўладамі. Другая тэма — роля Беларусі ў вайне супраць Украіны. А вось праблемы мабільнасьці беларусаў, чэргі на мяжы, нават палітвязьні рэдка ўзгадваюцца.
Апошнім часам назіраецца рэзкае зьмяншэньне фінансаваньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі, што найперш тлумачыцца палітыкай новай амэрыканскай адміністрацыі. Але экспэрты адзначалі, што гэта не часовая зьява, а кардынальны доўгатэрміновы зрух у палітыцы Захаду, зьвязаны са зьменай стаўленьня да той жа палітыкі «мяккай сілы». І такі курс набірае моц. Вось у Польшчы быў адменены конкурс падтрымкі замежных праектаў. Таму беларускім арганізацыям трэба правесьці вялікую рэвізію, выбраць самыя важныя праекты. Тут перавага будзе надавацца падтрымцы СМІ і палітвязьняў.
Была выказана думка, што, паколькі грошы на грамадзкую дзейнасьць скарачаюцца, а інвэстыцыі ў сфэру сэкʼюрытызацыі павялічваюцца, то беларускія арганізацыі павінны ўключыцца ў праекты па бясьпецы. Але прагучала пярэчаньне, што гэта будзе азначаць інтэграцыю ў дзяржаўныя інстытуты той краіны, дзе яны будуць працаваць. Але тады, што зь беларускага ў іх застанецца?
Сацыёлягі даводзілі, што ў Беларусі скарачаецца пазытыўнае стаўленьне да краін Захаду, у прыватнасьці, да Польшчы, затое расьце давер да Расеі і беларускага рэжыму. Бо Эўропа зачыняецца для беларусаў, і яны прыстасоўваюцца да рэальнасьці. Адначасова быў адзначаны такі парадокс: нэгатыў да Захаду расьце адначасова з ростам эміграцыі на той жа Захад.
Шмат гаварылася пра становішча беларускай дыяспары. Ніколі з 1939 году ў Польшчы не пражывала столькі ўкраінцаў і беларусаў, як цяпер. 60% эмігрантаў з Беларусі — людзі з вышэйшай адукацыяй. Вялікая перавага беларускай дыяспары ў параўнаньні з другімі іншаземцамі — больш высокая здольнасьць інтэгравацца ў польскае грамадзтва.
Пакуль новая беларуская эміграцыя ў Польшчы слаба супрацоўнічае зь беларускай меншасьцю ў гэтай краіне. Аднак калі яны наладзяць супрацу, пачнуць інтэгравацца, то могуць стаць фактарам унутранай польскай палітыкі, пачнуць уплываць на электаральны працэс, палітычныя партыі Польшчы будуць змагацца за іх галасы.
Форум