Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніжняя палата парлямэнту Канады ўхваліла новыя санкцыі супраць Расеі


Міністар замежных спраў Канады Хрысьця Фрыланд
Міністар замежных спраў Канады Хрысьця Фрыланд

Ніжняя палата парлямэнту Канады прыняла ўвечары 4 кастрычніка закон, які прадугледжвае замарожваньне актываў і забарону на ўезд у краіну замежным службоўцам з Расеі і іншых краінаў, якія маюць дачыненьне да парушэньня правоў чалавека і карупцыйных злачынстваў, які таксама называюць «актам Магніцкага».

Зараз закон павінен быць канчаткова зацьверджаны Сэнатам, а затым генэрал-губэрнатарам Канады Джулі Пает з каралеўскай згоды.

«Калі (законапраект) будзе прыняты Сэнатам і атрымае каралеўскую згоду, гэта дазволіць Канадзе накладваць санкцыі, забарону на паездкі і прыцягнуць да адказнасьці тых, хто адказвае за грубыя парушэньні правоў чалавека і значную карупцыю», — заявіла пасьля галасаваньня міністар замежных спраў Канады Хрысьця Фрыланд.

Хоць цяперашняя рэдакцыя законапраекту не вылучае Расею, менавіта ў Маскве ён выклікаў найбольшае абурэньне. Так, у МЗС РФ прыгразілі, што расейскі бок будзе люстрана пашыраць сьпіс канадзкіх дзеячаў, якім забаронены ўезд у Расею.

ЗША прынялі закон, вядомы як «акт Магніцкага», у 2012 годзе з мэтай пакараць чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да гібелі Сяргея Магніцкага ў сьледчым ізалятары, а таксама да іншых грубых парушэньняў правоў чалавека ў Расеі.

У 2016 годзе Сэнат ЗША прыняў «Усясьветны акт Магніцкага», які прадугледжвае магчымасьць увядзеньня амэрыканскіх санкцый супраць грамадзян любой замежнай дзяржавы за грубыя парушэньні правоў чалавека і карупцыю. Закон можа быць ужыты і ў дачыненьні да афіцыйных асобаў.

Вялікая Брытанія таксама прыняла закон з падобнымі санкцыямі.

Сяргей Магніцкі, расейскі юрыст, працаваў для заходняга інвэстыцыйнага фонду Hermitage Capital, памёр у 2009 годзе ў сьледчым ізалятары ў Маскве ва ўзросьце 37 гадоў ад сардэчных праблем. Расейскія праваабаронцы сьцьвярджаюць, што прадстаўнікі ўлады сьвядома ігнаравалі дрэнны стан яго здароўя, каб прымусіць яго замаўчаць.

Магніцкі трапіў за краты, абвінавачаны ў распрацоўцы схемы ўнікненьня ад расейскіх падаткаў для свайго заказчыка, фонду Hermitage Capital. Яму прад’явілі гэтае абвінавачваньне пасьля таго, як юрыст заявіў, што выкрыў адваротнае: схему, паводле якой падаткі, ужо выплачаныя фондам на суму ў 230 млн даляраў, выкралі з расейскага бюджэту чыноўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, падатковай адміністрацыі і іншых дзяржаўных органаў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG