Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытня прыціснула “чаўнакоў”


Да дня работнікаў мытнай службы супрацоўнікам Дзяржаўнага мытнага камітэту давялося трымаць адказ перад журналістамі за прынятыя днямі мэтадычныя рэкамэндацыі, якія істотна абмяжоўваюць увоз у Беларусь тавараў для асабістага карыстаньня. Чаму пасьля таго, як з уступленьнем Беларусі ў Мытны саюз правілы перамяшчэньня тавараў былі спрошчаныя, раптам запатрабавалася іх зьмяняць?

Нядоўга беларусы цешыліся адкрытымі межамі Мытнага саюзу, празь якія практычна неабмежавана можна было ўвозіць імпартныя тэлевізары, лядоўні, пральныя машыны ды іншую бытавую тэхніку, якая ў Беларусі каштуе нашмат даражэй. Актыўнасьць гандляроў насьцярожыла мытнікаў — і 15 верасьня зьявіліся «Мэтадычныя рэкамэндацыі ў вызначэньні прызначэньня і кошту тавараў, якія перамяшчаюцца фізычнымі асобамі».

Сяргей Барысюк
У адпаведнасьці з дакумэнтам, у якасьці тавараў для асабістага карыстаньня дапускаецца ўвоз ня больш за адзінку газавых ці электрычных плітаў, мікрахвалевых печаў, кухонных камбайнаў, ваннаў, унітазаў, лядоўняў, маразільнікаў, пральных і швейных машынаў, кампутарных манітораў і шмат чаго іншага. Характэрная адметнасьць, што бальшыня тавараў з тых, што трапілі ў «чорны сьпіс», выпускаецца ў Беларусі, таму, па-першае, відавочная спроба абараніць мясцовага вытворцу. А па-другое, спыніць занадта прадпрымальных «чаўнакоў», якія першымі пачалі карыстацца выгодамі Мытнага саюзу. Намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Сяргей Барысюк і не хавае, супраць каго скіраваныя ведамасныя рэкамэндацыі:

«Мэтадычныя рэкамэндацыі нічога кардынальна не мяняюць. Ва ўмовах аналягічных рэкамэндацый, калі таксама было вельмі шмат шуму ў СМІ, мы працуем зь 2008 году. У сувязі з прыняцьцем дамовы аб парадку перамяшчэньня тавараў ужо ў межах Мытнага саюзу, натуральна, яны падлягалі карэляцыі. Мы дачакаліся, пакуль скончыцца адпускны сэзон, калі асноўны паток грамадзянаў, які рухаецца празь мяжу, схлыне, і мэтадычныя рэкамэндацыі абнавілі. І калі паглядзець больш уважліва, то асноўны ўпор робіцца на грамадзянаў, якія перасякаюць мяжу рэгулярна, ажно да таго, што па некалькі разоў
Асноўны ўпор робіцца на грамадзянаў, якія перасякаюць мяжу рэгулярна, ажно да таго, што па некалькі разоў на дзень.
на дзень. Напэўна, турысты некалькі разоў на дні мяжу не перасякаюць. Бальшыня прысутных тут журналістаў калі і перасякае, то пры ажыцьцяўленьні сваёй прафэсійнай дзейнасьці. Для такіх асобаў, натуральна, зроблена ў рэкамэндацыях выключэньне».

Як такія правілы стасуюцца з нормамі Мытнага саюзу, якія прадугледжваюць бесьперашкоднае і аднолькавае для ўсіх перамяшчэньне як у рамках мытнай прасторы, так і з-за зьнешняй мяжы? Сяргей Барысюк сьцьвярджае, што ніякіх розначытаньняў у дадзеным выпадку няма:

«Як гэта суадносіцца з заканадаўствам Мытнага саюзу? Цалкам суадносіцца, таму што ў міжурадавым пагадненьні, прынятым Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам, ёсьць артыкул трэці, які вызначае, якімі прынцыпамі кіруюцца мытныя органы пры вызначэньні прызначэньня перамешчаных тавараў. Таму мы і вызначылі: для тых грамадзянаў, якія любяць часта перасякаць мяжу — а зразумела, што яны перасякаюць яе не з пазнавальных мэтаў, каб пазнаёміцца зь іншай краінай, а ў мэтах пастаяннай і плянамернай камэрцыйнай дзейнасьці — мы і вызначылі, што па ўсёй зьнешняй мяжы Рэспублікі Беларусь будуць дзейнічаць адзіныя нормы і правілы для дадзеных грамадзянаў. Турыстаў і асобаў, якія едуць па службовых справах, гэта ня тычыцца».

Сяргей Полудзень
Яшчэ адно пытаньне, якое хвалюе беларусаў, — як доўга застануцца нязьменнымі мытныя пошліны на імпартныя аўтамабілі? У кулюарах не сьціхаюць чуткі, што беларускі бок ня будзе чакаць да наступнага году і ўніфікуе мыта з расейскім. У такім выпадку так званая «растаможка» для некаторых машынаў узрасьце ў 10 разоў. Начальнік упраўленьня тарыфнага рэгуляваньня Дзяржаўнага мытнага камітэту Сяргей Полудзень такія чуткі абвяргае:

«Тыя падпісаныя дакумэнты, якія ўжо дзейнічаюць на сёньняшні момант, робяць пэўныя адступленьні па ўвазных мытных пошлінах для Рэспублікі Беларусь з аднясеньнем гэтага тэрміну на 1 ліпеня 2011 года. У Дзяржаўным мытным камітэце адсутнічаюць якія б там ні было дадзеныя пра магчымасьць зьмены гэтых пошлінаў раней за вызначаныя тэрміны. Магу сказаць пра агульныя лічбы ўвозу легкавых аўтамабіляў у Беларусь: калі за мінулы год усяго юрыдычнымі і фізычнымі асобамі было ўвезена блізу 163 тысяч адзінак тэхнікі, то за 8 месяцаў 2010 году ўвезена больш за 133 тысячы аўтамабіляў. Агульная тэндэнцыя па ўвозе захоўваецца, але, канечне, зьмяніўся балянс увозу паміж фізычнымі і юрыдычнымі асобамі. Са згаданых 133 тысяч 128 тысяч сёлета ўвезена фізычнымі асобамі».

Ад 1 студзеня 2010 году юрыдычныя фірмы вымушаныя аплачваць мыта па тарыфах, якія шматразова перавышаюць расцэнкі для фізычных асобаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG