Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль заявіў, што ня дасьць караблю з Грэтай Тунбэрг даплыць да Газы


Грэта Тунбэрг на караблі Madleen 1 чэрвеня 2025 году
Грэта Тунбэрг на караблі Madleen 1 чэрвеня 2025 году

Міністар абароны Ізраілю Ізраэль Кац у нядзелю распарадзіўся не дапусьціць прыбыцьця да берагоў Газы судна з гуманітарнай дапамогай, на борце якога знаходзяцца 12 прапалестынскіх актывістаў, у тым ліку Грэта Тунбэрг з Швэцыі.

«Я аддаў распараджэньне арміі прадухіліць прыбыцьцё флятыліі Madleen у Газу... Антысэмітцы Грэце і яе спадарожнікам, рупарам прапаганды ХАМАС, я кажу ясна: разварочвайцеся, вы не дасягнеце Газы», — гаворыцца ў заяве міністра, апублікаванай яго офісам.

Заяву цытуе AFP.

Карабель Madleen, якое ўваходзіць у міжнародную кааліцыю «Флятылія свабоды», выйшаў з італійскага порта Катаньня на ўзьбярэжжы Сыцыліі 1 чэрвеня і ў суботу ўвайшоў у тэрытарыяльныя воды Эгіпту, гэта зусім блізка да Ізраілю і Газы.

Заяўленая мэта місіі — дастаўка гуманітарнай дапамогі насельніцтву.

Кац падкрэсьліў, што блякада Газы скіраваная на прадухіленьне паставак зброі для ХАМАС — радыкальнай палестынскай групоўкі, прызнанай у ЗША і ЭЗ тэрарыстычнай арганізацыяй.

Місія арганізавана «Кааліцыяй флятыліі свабоды», якая ўжо 15 гадоў спрабуе трапіць па моры ў Газу праз тэрытарыяльныя воды, якія кантралюе Ізраіль.

Грэта Тунбэрг у дзень адплыцьця карабля з Італіі, 1 чэрвеня 2025 году
Грэта Тунбэрг у дзень адплыцьця карабля з Італіі, 1 чэрвеня 2025 году

Грэта Тунбэрг стала ўсясьветна вядомай пасьля эмацыйнай прамовы на кліматычным Саміце ААН у 2019 годзе. Ёй тады было ўсяго 16 гадоў.

Яна адкрыта гаворыць пра тое, што мае сындром Аспэргера (адна з формаў аўтызму), і лічыць гэтую сваю асаблівасьць «супэрсілай», якая дапамагае ёй не адступаць ад сваіх перакананьняў.

Часопіс Time у 2019-м назваў яе «чалавекам году».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG