Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліла зьмены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць абмежаваньне выдачы крэдытаў у замежнай валюце.
«Людзі ўсё часьцей зьвяртаюцца да выкарыстаньня пазыковых сродкаў, крэдытаў для вырашэньня сваіх надзённых пытаньняў. І, вядома, дзяржава павінна рабіць неабходныя меры для таго, каб грамадзяне ня трапілі ў фінансавую кабалу», — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка.
У Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў адзначаецца, што адпаведныя зьмены ўнясуць у Грамадзянскі кодэкс, а таксама ў законы аб валютным рэгуляваньні і валютным кантролі і аб рэкляме.
У прыватнасьці, прапануюць абмежаваць пазыкі фізычным асобам у замежнай валюце, забараніць крэдыты пад заклад маёмасьці, калі гэта адзіны жылы будынак або кватэра, увесьці абмежаваньні штрафных санкцыяў і адсоткаў за карыстаньне пазыковымі сродкамі. Плянуюць забараніць таксама магчымасьць валютнай пазыкі паміж фізычнымі асобамі, а таксама ў эквіваленце замежных валютаў ці ва ўмоўных грашовых адзінках, з выняткам блізкіх сваякоў.
Пасьля ўхваленьня закону фізычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы, якія не займаюцца мікрафінансавай дзейнасьцю, ня змогуць выдаваць крэдыты. Гэтая магчымасьць застанецца толькі для супрацоўнікаў такіх арганізацыяў.
Законапраект таксама прадугледжвае забарону на выкарыстаньне ў рэкляме словаў «пазыка», «мікрапазыка», «мікрафінансаваньне», «грошы ў пазыку» або вытворных ад гэтых словаў рэклямадаўцамі, якія ня ёсьць мікрафінансавымі арганізацыямі, у тым ліку ў іхных назвах.
У Палаце прадстаўнікоў упэўненыя, што такія зьмены «дазволяць павялічыць давер насельніцтва да банкаў і іншых фінансавых арганізацыяў, зьнізіць пазыковую нагрузку на спажыўцоў, забясьпечыць абарону іхных правоў і законных інтарэсаў».
Форум