Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Пул першага», блізкі да адміністрацыі Лукашэнкі.
Кіраўнік РПЦ падзякаваў Лукашэнку за тое, што адбываецца ў Беларусі. Лукашэнка, у сваю чаргу, запэўніў Кірыла, што за Беларусь той можа быць спакойны.
«Праваслаўе ў нас, каталіцтва. Гэта асноўныя нашыя канфэсіі. Вядома, пры перавазе праваслаўных. Ёсьць і каталікі. У Савецкім Саюзе гэта была другая каталіцкая канфэсія пасьля Літвы», — працягнуў Лукашэнка, адзначыўшы, што прапанаваў усім асноўным рэлігіям стварыць у краіне свае цэнтры.
Патрыярх Кірыл станоўча паставіўся да ідэі.
«Гэтак і павінна быць. Гэта традыцыйныя рэлігіі, і ад іх наогул ніколі ніякіх адмоўных дзеяньняў не вынікала. У адрозьненьне ад рознага роду сэктаў, якія накіраваныя на падзел народаў», — сказаў ён.
Гаворачы пра вайну, Кірыл адзначыў, што «нават калі нешта ажыцьцяўляецца ў імя высакародных мэтаў, гэта заўсёды суправаджаецца ахвярамі і пакутамі людзей».
«Таму ў царквы ня можа быць іншага пасланьня, як тое, што, калі немагчыма цалкам выключыць гэтыя пакуты, іх трэба мінімізаваць. І гэта ў першую чаргу тычыцца лёсу палонных людзей», — сказаў кіраўнік РПЦ, які неаднаразова выказваўся ў падтрымку паўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Патрыярх Кірыл (Гундзяеў) неаднаразова наведваў Беларусь з афіцыйнымі візытамі. Папярэдні раз ён быў у чэрвені 2022 году — удзельнічаў ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных 1030-годзьдзю праваслаўя на беларускіх землях і заснаваньню Полацкай епархіі.
Форум