Суўладальнік нерухомасьці — Станіслаў Буйніцкі, былы актывіст Саюзу палякаў Беларусі, які даўно пакінуў Беларусь з палітычных матываў. Яму суд вынес абвінаваўчы вырак, а будынак кваліфікаваў як «сродак злачынства».
Паводле радыёстанцыі RMF24, консульства працягвае працаваць і знаходзіцца ў сваім цяперашнім месцы. Ні МЗС Польшчы, ні прадстаўніцтва ў Горадні не атрымалі ніякай інфармацыі аб рашэньні суду або аб зьмене дамовы арэнды.
Беларускі суд завочна засудзіў Буйніцкага на тры з паловай гады пазбаўленьня волі нібыта за ўхіленьне ад выплаты падаткаў і сканфіскаваў яго нерухомасьць у Горадні як сродак злачынства. Нядаўна ягоны турэмны тэрмін скарацілі на год у рамках амністыі да 80-й гадавіны заканчэньня Другой усясьветнай вайны.
Буйніцкі валодаў будынкам, які здаецца ў арэнду польскаму консульству, а яго кампанія Fort таксама давала офісныя памяшканьні апазыцыйным палітычным партыям і НДА, якія не маглі арандаваць іх у іншым месцы.
- Падобны інцыдэнт, не зьвязаны з дыпляматычным будынкам, адбыўся ў красавіку, калі ўлады Беларусі адабралі памяшканьні ў Польскага адукацыйнага фонду ў Горадні і перадалі іх расейскаму консульству. Польскія ўлады тады заявілі, што гэта чарговы крок Менску ў рэпрэсіях супраць палякаў, якія Варшава патлумачыла крытычнай да парушэньняў дэмакратыі ў Беларусі пазыцыяй Польшчы.
Форум