Паводле Белстату, за першы квартал 2025 году склалася адмоўнае сальда замежнага гандлю Беларусі — мінус 630 мільёнаў даляраў.
Таксама адбываюцца зьмены ў структуры таваразвароту. 5 чэрвеня Белстат апублікаваў падрабязныя зьвесткі аб замежным таварным гандлі за чатыры месяцы. Гэтая статыстыка ня ўлічвае гандлю паслугамі, зьвесткі пра яго не апублікаваныя.
За чатыры месяцы 2025 году, у параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага году, аб’ём гандлю таварамі зьнізіўся з 31,4 млрд да 27 млрд даляраў.
Калі за 4 месяцы летась адмоўнае сальда гандлю таварамі склала мінус 1,21 мільярда даляраў, то за 4 месяцы сёлета — мінус 2,26 мільярда. Асабліва пацярпеў гандаль таварамі з краінамі па-за СНД. Калі за чатыры месяцы мінулага году адмоўнае сальда тут складала мінус 1,66 мільярда, то за чатыры месяцы 2025-га — мінус 2,61 мільярда.
Не ратуе сытуацыю гандаль з краінамі СНД, зь якімі сальда гандлю таварамі станоўчае — за 4 месяцы плюс 354 мільёна даляраў, аднак у параўнаньні зь мінулым годам яно таксама пагоршылася.
Паводле Белстату, у першым квартале 2025 году экспарт паслугаў расьце, але не перакрывае адмоўнага сальда таварнага гандлю.
Эўразійскі банк разьвіцьця канстатуе, што спад экспарту Беларусі выкліканы спадам попыту на яе прадукцыю на вонкавых рынках.
Форум