Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выпрабаваньня няма звыш сілаў». Павал Севярынец ужо 5 гадоў за кратамі


Павал Севярынец падчас суду ў Магілёве, травень 2021 году
Павал Севярынец падчас суду ў Магілёве, травень 2021 году

5 гадоў таму затрымалі аднаго зь лідэраў беларускага дэмакратычнага руху Паўла Севярынца. Узгадваем яго палітычную і творчую біяграфію

У дзень затрыманьня Севярынец выказаў салідарнасьць зь Ціханоўскім

7 чэрвеня 2020 году Павал Севярынец удзельнічаў у перадвыбарчым пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую на Камароўскім рынку ў Менску. Ён прыйшоў, каб выказаць салідарнасьць з затрыманым 29 траўня Сяргеем Ціханоўскім і ягонымі паплечнікамі.

На пікеце ён сказаў, што мае найбольшую сымпатыю да гэтага палітыка новай генэрацыі.

Калі Севярынец вяртаўся дадому, яго затрымалі, прысудзілі адміністрацыйны арышт, а пазьней абвінавацілі ў «рыхтаваньні масавых беспарадкаў».

Праваабаронцы палічылі абвінавачаньне палітычна матываваным і абвясьцілі Севярынца палітычным зьняволеным.

Вольга Севярынец чакае мужа каля менскага ізалятару на Акрэсьціна 22 ліпеня 2020 году. Тады яшчэ была надзея, што перасьлед Паўла абмяжуецца адміністрацыйным пакараньнем
Вольга Севярынец чакае мужа каля менскага ізалятару на Акрэсьціна 22 ліпеня 2020 году. Тады яшчэ была надзея, што перасьлед Паўла абмяжуецца адміністрацыйным пакараньнем

Праз два гады калёніі Севярынца пакаралі турэмным рэжымам

25 траўня 2021 году яго асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У красавіку адміністрацыя шклоўскай калёніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму», што аўтаматычна абмежавала ягоную магчымасьць «атаваркі» ў турэмнай крамцы 58 рублямі ў месяц. Яму не давалі званіць дахаты і пакаралі забаронай на чарговае доўгае спатканьне.

У шклоўскай калёніі Павал даведаўся пра сьмерць бацькі (Кастусь Севярынец памёр 1 кастрычніка 2021 году. — РС). Празь некалькі дзён ён даслаў малюнак з партрэтам дзеда Кастуся свайму сыну Францішку. Усяго да вясны 2022 году Павал Севярынец пераслаў 70 сваіх малюнкаў. Яны сталі асновай набору паштовак і календара. А цяпер экспануюцца на выставах, апошняя зь якіх адкрылася ў траўні ў парлямэнце Латвіі.

Францішак Севярынец з календаром, які намаляваў ягоны тата
Францішак Севярынец з календаром, які намаляваў ягоны тата

10 ліпеня 2023 году стала вядома, што палітвязьня перавялі з шклоўскай папраўчай калёніі № 17 у горадзенскую турму № 1, прызначыўшы 3 гады строгага рэжыму.

З таго часу Севярынец, як і многія іншыя знакавыя палітзьняволеныя, знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада — поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.

Першы раз Паўла пазбавілі волі паводле крымінальнай справы ў 2005 годзе

Яго асудзілі на тры гады так званай «хіміі» за арганізацыю пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. З улікам амністыі тэрмін скараціўся да двух гадоў. Павал адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну на поўначы Беларусі да 2007 году.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Севярынец быў у штабе кандыдата Віталя Рымашэўскага. Паўла арыштавалі пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 20 сьнежня 2010 году і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.

16 траўня 2011 году суд Заводзкага раёну Менску пакараў яго трыма гадамі гэтак званай «хіміі» за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Павал Севярынец цалкам адбыў тэрмін пакараньня ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.

Павал Севярынец на «хіміі» ў Купліне, красавік 2012 году
Павал Севярынец на «хіміі» ў Купліне, красавік 2012 году

З 2007 году праваабаронцы «Вясны» вялі статыстыку пакараньняў актывістаў. Паўлу Севярынцу за гэты час прысудзілі 19 арыштаў на 292 дні і больш за паўсотні штрафаў на 1431 базавую велічыню.

А ўвогуле ў палітыцы Павал з 1995 году, калі ўступіў у БНФ. У 1997-м ён стаў сустаршынём «Маладога Фронту».

У 2009-м быў адным з заснавальнікаў правацэнтрысцкай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

Павал Севярынец — аўтар больш як дзясятка кніг

У 2006 годзе ён атрымаў прэмію імя Алеся Адамовіча за цыкль артыкулаў, напісаных у высылцы ў Малым Сітне, якія пазьней выйшлі кнігай «Лісты зь лесу».

За зборнік «Беларуская глыбіня», напісаны падчас наступнага абмежаваньня волі ў Купліне, у 2014 годзе Севярынца ўганаравалі прэміяй імя Францішка Аляхновіча.

«Калі будуць у цябе пытацца, дзе тата, так і адказвай: „Тата ў турме за Беларусь“. Бог гэта дапускае на некаторы час».
Павал Севярынец — сыну Францішку

У лістападзе 2020 года ён стаў ляўрэатам народнай прэміі беларусаў замежжа «За асабістую мужнасьць».

У 2021-м за раман «Беларусалім. Сэрца сьвятла» Паўлу Севярынцу прысудзілі беларуска-ўкраінскую літаратурную прэмію «Воін сьвятла» імя Жызьнеўскага.

Ён таксама ўзнагароджаны мэдалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і прэміяй «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.

На аўтарскім сайце Паўла Севярынца сабралі 10 яго знакавых цытат, некаторыя зь іх сталі вядомымі лёзунгамі:

  • «Верым, можам, пераможам!»
  • «Беларусь — гэта сьвятое!»
  • «Беларусы — гэта 10 мільёнаў геніяў».
  • «Гармонія беларускага праваслаўя, каталіцтва і пратэстанцтва — формула сусьветнага хрысьціянскага трыадзінства: у Імя Айца, і Сына, і Духа Сьвятога».
  • «Беларусі патрэбная маральная рэвалюцыя».
  • «Наша сыстэма каардынатаў — Курапацкі крыж».
  • «У Беларусі дзявочыя вочы Нарачы».
  • «Полацкае княства — вечавая хрысьціянская дэмакратыя. ВКЛ — шляхоцкая хрысьціянская дэмакратыя. Будучыня Беларусі — Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
  • «Бойся Бога і больш нікога!»
  • «Беларуская нацыянальная ідэя — гэта Ісус Хрыстос, Які размаўляе па-беларуску».


Бібліяграфія Паўла Севярынца

  • «Ды-джэй Адраджэньня» (1998)
  • «Пакаленьне Маладога Фронту» (2002)
  • «Нацыянальная ідэя» (2005)
  • «Лісты з лесу» (2007)
  • «Брату» (2007)
  • «Люблю Беларусь» (2008)
  • «Маладафронтаўцы» (2009) (сумесна з Настай Палажанкай)
  • «Беларуская глыбіня» (2014)
  • «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя: 1917–2017» (2017)
  • «Сто асобаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» (2017, адзін з аўтараў)
  • «Беларусалім. Золак» (2017)
  • «Каменнае сэрца» (2018)
  • «Беларусалім. Сэрца сьвятла» (2020)
Павал Севярынец паказвае сшытак з рукапісам кнігі «Беларусалім», напісаным падчас 10-дзённага зьняволеньня на Акрэсьціна, 16 жніўня 2018 году
Павал Севярынец паказвае сшытак з рукапісам кнігі «Беларусалім», напісаным падчас 10-дзённага зьняволеньня на Акрэсьціна, 16 жніўня 2018 году

Тры вершы Паўла з-за кратаў

Сястры Ганьне

Ён не сказаў, што будзе лёгка,
Ён абяцаўся быць з табой,
І Ён заўсёды недалёка:
Захочаш — і убачыць вока,
Паверыш — і кранеш рукой.

Ён не сказаў: «Папросіш цуду —
Зраблю табе, як фокус, цуд».
Я проста буду. Побач буду.
Забудзеш ты — я не забуду.
Ты ў брудзе — я з табой у бруд.

Ты плачаш? Ён з табою плача.
Сьмяесься? — Сьмешна і Яму.
Ён не дае табе задачаў,
Не прымушае жыць іначай,
Што хоча Ён? Цябе саму.

Схаваўся у віне ды хлебе,
Ў тваёй душы — і угары.
З табою — у любой патрэбе:
Ты хочаш вечна жыць на небе?
Я заплаціў. Тваё. Бяры.

Калі адчыненыя дзьверцы —
Ён прывядзе у твой пакой
Анёлаў і адзінаверцаў,
Як толькі адгукнецца сэрца
На ціхі шэпт: «Ідзі за мной».

12 кастрычніка 2023 году, горадзенская турма

Малюнкі Паўла Севярынца на выставе ў Варшаве, архіўнае фота
Малюнкі Паўла Севярынца на выставе ў Варшаве, архіўнае фота

Беларуская — мова любові

Беларуская — мова любові.
Ненавідзець — ня ў нашай крыві.
Бо сказана у нашай мове:
«Пачынаецца ўсё з любві».

Беларуская — мова любові.
Толькі сэрцам магчыма пачуць:
Тут крыніцы бруяць у размове
І над кветкамі пчолы гудуць.

Беларуская — мова любові,
І, каб бліжні бяз клопату жыў,
Мы і родным у шчасьці адмовім,
І сябе аддадзім на крыжы.

Беларуская — мова любові.
Гэтай мовы у нас не адняць:
Мы і храмы, і замкі адновім,
Каб маліцца, сьпяваць і кахаць!

Беларуская — мова любові,
І калі ты яе зьбярог,
Нават у адзінюткім слове
Цябе ў вусны цалуе Бог.

Беларуская — мова любові:
Хрысьціянаў з усіх краёў
У Самім Хрысьце як аснове
Беларусь яднае наноў.

Адгукнецца ў Менску і Шклове:
«Не хлусі. Не крадзі. Не забі».
Беларуская — мова любові.
Калі ты беларус — любі.

5 лютага 2023 году, шклоўская калёнія

Верш Паўла Севярынца з-за кратаў
Верш Паўла Севярынца з-за кратаў

Каралеве ва ўзросьце Хрыста

Сем месяцаў мы не заплюшчвалі вочы
Побач адно з адным,
Сем год мы дыхалі дні і ночы
Ветрам і Духам Сьвятым.

І хай яшчэ будзе сем сядзьмінаў
Жывыя плоцьцю адной —
Ніколі я цябе не пакіну,
Заўсёды буду з табой.

Заўсёды з табой, мая Каралева,
Як мы абяцалі там,
Дзе Госпад нашчадкаў Адама і Евы
Навечна злучае Сам.

Хай лёд, хай мор, хай халоднае мора,
Хай сэрца замрэ ад тугі —
У шчасьці разам, разам і ў горы
Па самыя берагі.

Бо Ён Сваіх дзяцей не пакіне
Ні ў радасьці, ні ў бядзе:
Возьме на рукі, вынесе з плыні,
Нават калі ўпадзем.

У гэтым узросьце, мая Сьвятая,
Госпад пайшоў у сьвет.
У гэтым узросьце і мы ступаем
У Ягоны ледзь бачны сьлед.

У гэтым веку, мая Агнюся,
Палаць нам Ягоным агнём.
Сэрца гарыць — быць спадзяюся
Вартым цябе Каралём.

Краіна рушыць шляхам Ягоным,
Над імі Ягоны сьцяг.
Біч, суды, пляўкі і праклёны
І нават цьвікі ў касьцях.

Калі мы і праўда Яго насеньне
І ў нас Ягоная кроў —
Мы станем народам Уваскрасеньня
І ў сьвет панясем любоў.

Мы зробім нашы душы празрыстымі,
Каб, што бы там ні было,
У Беларусі, яснай і чыстай,
Зазьзяла Яго сьвятло.

Анёлы ў небе сьпяюць «Алелюя!»
Насустрач новаму дню,
І хай нішто цябе не хвалюе —
У дзьверы я пазваню.

Выпрабаваньня няма звыш сілаў,
Як у цудоўным сьне.
Таму не сумуй, Каханая, Мілая:
Проста чакай мяне.

Паштоўкі аўтарства Паўла з партрэтамі бацькоў, жонкі і сына
Паштоўкі аўтарства Паўла з партрэтамі бацькоў, жонкі і сына

На сёньня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 1182 чалавекі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG