NATO просіць, каб эўрапейскія краіны — сябры блёку нарасьцілі у пяць разоў магчымасьці сілаў СПА наземнага базаваньня, паведаміў у аўторак Bloomberg з спасылкай на абазнаныя крыніцы.
У публікацыі гаворыцца пра імкненьне Паўночнаатлянтычнага альянсу «запоўніць ключавы прагал у адказ на пагрозу расейскай агрэсіі».
Пытаньні, зьвязаныя з СПА, будуць абмяркоўвацца на сустрэчы міністраў абароны дзяржаваў NATO ў Брусэлі 5 чэрвеня. Пакуль жа, як адзначаюць крыніцы Bloomberg, дыскусіі ідуць за зачыненымі дзьвярыма.
Паводле задумы NATO, пра якую апавялі суразмоўцы агенцтва, нарошчваньне патэнцыялу сродкаў супрацьпаветранай абароны ў пяць разоў будзе супольнай мэтай для эўрапейскіх краінаў — сяброў блёку. У кожнай асобнай краіне гэты ўзровень можа адрозьнівацца.
Інфармацыі пра канкрэтныя тэрміны ажыцьцяўленьня гэтай задумы няма.
На гэтым тыдні вайсковыя кіраўнікі з краінаў NATO зьбіраюцца таксама ўхваліць адзін з самых амбітных з часоў халоднай вайны праект — павялічыць запасы зброі ў Эўропе і Канадзе, каб менш залежаць ад дапамогі абаронных сыстэмаў ЗША.
Гэта адбудзецца на сустрэчы ў Брусэлі ў чацьвер. Прынятыя там рашэньні стануць асновай для саміту NATO 24–25 чэрвеня ў Гаазе, піша Bloomberg.
Форум