Апоўдні 8 верасьня трое актывістаў БПС прыйшлі да будынка расейскай амбасады ў Менску з транспарантамі: “Наш вораг — расейская імпэрабюракратыя!” і “Масхадаў — адзіны законны прэзыдэнт!” Намесьнік начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Менску маёр Прузан папярэдзіў спадара Высокага, што гэты пікет несанкцыянаваны, пасьля чаго лідэра БПС і Юрася Данілава затрымалі.
Палкоўнік Гірэль, які кіраваў міліцыянтамі, так патлумачыў прычыну затрыманьня пікетоўцаў:
(Гірэль: ) “Арганізатар Высоцкі цудоўна ведае, што яму дазволілі праводзіць пікет у парку “Дружбы народаў”. Ён адмыслова сюды прыйшоў. Яго папярэдзілі, і нават дадаткова патлумачылі”.
Сяржук Высоцкі пасьпеў толькі крыкнуць, што абвяшчае галадоўку. Ён патрабуе вываду зь Беларусі расейскіх войскаў і выхаду краіны з усіх вайсковых саюзаў. Трэці ўдзельнік пікету Васіль Парфянкоў пасьпеў сказаць беларускай Свабодзе:
(Парфянкоў: ) “Сёньня Дзень беларускай вайсковай славы і ён супадае з 4-й гадавінай пачатку 2-й чачэнскай вайны. Мы салідарныя з чачэнцамі ў іхнай барацьбе за незалежнасьць і свабоду. Таму мы тут хацелі правесьці пікет і перадаць зварот у расейскую амбасаду”.
Але зварот, у якім актывісты Партыі Свабоды патрабавалі спыніць вайну ў Чачэніі, вывесьці стуль расейскія войскі, перадаць гэтую рэспубліку пад міжнародны пратэктарат ды пачаць неадкладныя перамовы з прэзыдэнтам Ічкерыі Асланам Масхадавым, у амбасадзе не прынялі. А самога Васіля Парфянкова затрымалі за распаўсюд незарэгістраванай друкаванай прадукцыі. Затрыманым пікетоўцам пагражае арышт тэрмінам да 15 сутак.
А актывісты Маладога Фронту перадалі 8 верасьня ў Міністэрства абароны і менскія вайсковыя камісарыяты сьвяточны зварот да беларускіх вайскоўцаў. Маладафронтаўцы павіншавалі іх з чарговай гадавінай перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага над маскоўцамі.
Яшчэ ў адным звароце да кіраўніцтва расейскай арміі маладафронтацы пішуць, што моладзь ніколі не адмовіцца ад незалежнасьці Беларусі, а бітва пад Воршай ёсьць гістарычным папярэджаньнем Расеі.
6 верасьня ўрачыстасьці з нагоды Дня вайсковай славы прайшлі на Крапівенскім полі пад Воршай. А ўвечары 8 верасьня сьвяточная вечарына адбудзецца ў менскай штаб-кватэры БНФ.