Яхту з Грэтай Тунбэрг на борце затрымалі ўлады Ізраілю

Грэта Тунбэрг атрымлівае ежу ад ізраільскіх вайскоўцаў

Раней ізраільскі ўрад папярэджваў пра тое, што ня дасьць прапалестынскім актывістам прарваць блякаду Газы.

Вядомая швэдзкая экалягічная актывістка Грэта Тунбэрг з паплечнікамі з Сыцыліі дабралася на яхце «Мадлен» да тэрытарыяльных водаў, якія кантралюе войска Ізраілю. Там судна спынілі і зайшлі на яго борт ізраільскія вайскоўцы.

Прапалестынскія актывісты распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што гуманітарную дапамогу, якую яны везьлі ў Газу, сканфіскавалі. Паводле іх, на яхце былі мэдыкамэнты, дзіцячыя малочныя сумесі і іншыя рэчы, якія павінны ісьці на дапамогу жыхарам Газы.

Раней кіраўнік міністэрства абароны Ізраэль Кац папярэджваў, што войска не дазволіць яхце з 12 актывістамі на борце дасягнуў берагу Газы. У сваю чаргу, Міністэрства замежных спраў Ізраілю напісала, што ўсім 12 пасажырам яхты далі ежу і ваду, а «шоў скончанае». Само судна там назвалі «сэлфі-яхтай». Гэтае ж ведамства сказала, што верне ўсіх пасажыраў яхты ў іхныя краіны, а гуманітарную дапамогу, якая была на борце, даставіць у Газу.

Кац падкрэсьліў, што блякада Газы скіраваная на перадухіленьне паставак зброі для ХАМАС — радыкальнай палестынскай групоўкі, прызнанай у ЗША і ЭЗ тэрарыстычнай арганізацыяй.

Місію арганізавала «Кааліцыя флятыліі свабоды», якая ўжо 15 гадоў спрабуе трапіць у Газу морам — праз тэрытарыяльныя воды, якія кантралюе Ізраіль.

Міністэрства замежных спраў Турэччыны скрытыкавала дзеяньні ізраільскіх уладаў, называючы гэта «парушэньнем законаў і пагрозай бясьпецы міжнароднага мараплаўства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль заявіў, што ня дасьць караблю з Грэтай Тунбэрг даплыць да Газы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль аб’явіў аб пачатку прызыву дзясяткаў тысяч рэзэрвістаў у Газу