Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўтамат. Дрон. Бронік і каска». Прапагандысты адказалі, што рабіць з школьнікамі, якія парвалі білеты пасьля іспыту ў гісторыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свае прапановы, як перавыхаваць дзевяціклясьнікаў, у панядзелак выказалі Грыгорый Азаронак у калёнцы «Мінскай праўды» і Вікторыя Кірычэнка зь «Минск-новостей» у відэарубрыцы «Асьцярожна, правакатары!».

З чаго ўсё пачалося

Мінулымі выходнымі у сацыяльных сетках зьявіліся відэа з выпускнікамі дзявятых клясаў, якія пасьля іспыту ў гісторыі Беларусі рвалі, палілі, курылі і кідалі ва ўнітаз білеты і дапаможнікі з гісторыі, часта суправаджаючы гэта словамі, якія немагчыма публікаваць.

Трэнд быў апэратыўна перабіты «пакаяльным відэа», на якім двое зьбянтэжаных хлопцаў каюцца ва ўчыненым і ўскладаюць кветкі да манумэнту на плошчы Перамогі ў Менску.

Прычым гэтым разам структура, якая стаяла за пакаяньнем школьнікаў, не была названая. Адрозна ад мінулага разу, калі за непавагу да салюту 9 траўня пакаралі дзяўчат з Магілёва. Тады была падкрэсьлена апэратыўнасьць і магутнасьць міліцыі, судоў і адукацыйнай сыстэмы.

  • Дзяўчат паставілі на ўлік у міліцыі.
  • Старэйшых за 14 гадоў пакаралі за дробнае хуліганства.
  • Бацькоў пакаралі за неналежнае выхаваньне дзяцей.
  • Школьніц адвезьлі ў мэмарыял спаленых вёсак і паказалі фільм «Ідзі і глядзі».

Але гэта чамусьці ня мела выніку, зьдзівілася вядоўца рубрыкі «Асьцярожна, правакатары!» на Minsknews Вікторыя Кірычэнка. І гэта пры ўсіх высілках дзяржавы: асаблівым ідэалягічным стаўленьні да гісторыі, маштабных агульнадзяржаўных акцыях, расьсьледаваньнях і парадах.

Яна згадала абурэньне «экстрэмістаў» тым, што гэтую гісторыю зрабілі публічнай. Але «маўчаньне раўназначнае падтрымцы ідыёцкага трэнду».

Кірычэнка задаволена адзначыла, што на «пакаяльным відэа» дзевяціклясьнікі «ўжо не здаюцца такімі крутымі і сьмелымі», і іхныя «вочы апушчаны ўніз».

«Так будзе з кожным, хто ня ўмее вучыцца на чужых памылках», — дадала яна.

Вядоўца прапанавала адправіць гэтых хлопцаў на пераздачу, каб ім прыйшлося «прыкупіць кніжку зь білетамі яшчэ раз і вызубрыць усё на памяць».

Свае варыянты выхаваньня школьнікаў прапанаваў у панядзелак і прапагандыст Грыгорый Азаронак.

«Што трэба зрабіць? Адабраць тэлефон. Але прырода пустаты не трывае. Трэба нешта даць узамен. І Беларусь знайшла гэта.

Аўтамат. Дрон. Бронік і каска. Вайскова-патрыятычныя клюбы ўнутраных войскаў. Днямі новы адкрыўся ў Александрыі — месцы сілы нашага Прэзыдэнта. Усход. Там, дзе сонца і пачатак жыцьця», — напісаў Азаронак.

А «пакаяльныя відэа» ён назваў «цудоўным беларускім мэтадам».

Пры гэтым Азаронак прызнаўся, што сам «парваў і спаліў у свой час кніжку па ангельскай мове». «Тады гэта была проста зьвярыная праява юнага драпежніка, што вырваўся на волю, а цяпер я сабе гэта тлумачу протапатрыятызмам», — напісаў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG