Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мара пра мільянэра. Чаму беларускія школы за мяжой працуюць пад пагрозай закрыцьця


На адкрыцьці беларускай школы ў Варшаве, верасень 2022 году. Ілюстарцыйнае фота
На адкрыцьці беларускай школы ў Варшаве, верасень 2022 году. Ілюстарцыйнае фота

Толькі закончыўся навучальны год, а беларускія школы ў замежжы ўжо занепакоеныя, як выжыць і працягнуць працу ў верасьні. Пагаварылі з заснавальнікамі некалькіх такіх установаў.

Асабістыя высілкі і сродкі

Два гады таму Аксана Акуневіч заснавала ў Батумі афіцыйную беларускую школу, дзе дзеці могуць вучыцца па-беларуску, а іх бацькі атрымліваць дазвол на жыхарства (ДНЖ) у Грузіі. Дагэтуль усё трымалася збольшага на яе асабістых высілках і сродках, а таксама на складках бацькоў.

Аксана Акуневіч кажа, што хацела займацца выкладаньнем зь дзяцінства: дзядуля ёй заўсёды казаў, што самая пачэсная праца — настаўнік. Паступіла ў Беларускую політэхнічную акадэмію. Пасьля другога курсу забрала дакумэнты і перайшла на фізфак БДУ. Вучыцца вельмі падабалася, захапілася ядзернай фізыкай.

Але пасьля фізфаку па разьмеркаваньні давялося працаваць у звычайнай школе ў Чыжоўцы. Настаўніца расказвае, што гэта быў час рэфармаваньня адукацыі: пераход на 10-бальную сыстэму, зьявіліся так званыя «штрых-клясы», былі два выпускі ў адзін год. Працаваць у школе не спадабалася. Таму яна стварыла свой уласны курс «Чалавечая фізыка» (Human Physics) паводле амэрыканскай сыстэмы выкладаньня фізыкі. «Апусьціла» вывучэньне фізыкі з шостай клясы спачатку ў пятую, потым ў трэцюю, у плянах было вучыць фізыцы першаклясьнікаў. Аксану запрасілі выкладаць у прыватную школу «Стэмбрыдж».

Адкрыцьцё беларускай школы ў Варшаве, 2022 год
Адкрыцьцё беларускай школы ў Варшаве, 2022 год

У 2022 годзе, калі пачалася вайна, праз пагрозы сям’і настаўніца мусіла зьехаць зь Беларусі ў Батумі, дзе ў той час апынулася даволі шмат суайчыньнікаў. Стварыла спачатку шматфункцыянальную беларускую прастору.

«Якраз тады здаваўся ў арэнду прыдатны дом за ўцямныя грошы. Мне заўсёды хацелася мець месца, куды прыходзіш, а там ёсьць штосьці беларускае. Каб не было так „размазана“, як, напрыклад, у Варшаве, а менавіта ў адным месцы. Там былі кінапаказы, розныя імпрэзы, заняткі, ў тым ліку і мае курсы „Чалавечая фізыка“», — узгадвае суразмоўца.

«Мы гатовыя вучыць нават аднаго вучня»

І сама Аксана, і іншыя актывісты дамагаліся, каб у Батумі зьявілася беларуская школа — хадзілі ў грузінскі, аджарскі (Батумі — сталіца грузінскай аўтаноміі Аджарыі) парлямэнты, сустракаліся з дэпутатамі, палітыкамі. Тады ў Батумі адкрылі ўкраінскую школу — пасьля пачатку вайны ў горад прыехала шмат украінцаў. Зь беларускай доўга нічога не атрымлівалася.

У верасьні 2023 году праходзіў фэстываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», на які прыйшоў грузінскі амбудсмэн. Ён сказаў, што размаўляў з палітыкамі, якія знайшлі школу, гатовую ўзяць беларусаў.

«А гэта ўжо верасень, большасьць людзей вызначылася, дзе будуць вучыцца іхныя дзеці. На фэстывалі „Прадмова“ мы абвесьцілі, што ствараем школу і гатовыя вучыць нават аднаго вучня, каб ня страціць такую магчымасьць. Я ня вельмі гэтага разумею, але ў некаторых бацькоў захоўваецца такое стаўленьне, што навучаньне на беларускай мове — гэта штосьці „местачковае“: бацькі ня вельмі ахвотна аддаюць навучацца па-беларуску. Прычым калі яны прыяжджаюць у Польшчу, то вядуць дзяцей у польскія школы, а зь веданьнем беларускай ім польская значна лягчэй даецца», — дзеліцца набалелым Аксана.

Вучні беларускай гімназіі ў Вільні, архіўнае фота
Вучні беларускай гімназіі ў Вільні, архіўнае фота

Суразмоўца кажа, што, на шчасьце, тады ўсё ж набралася 8 дзетак — з 1-й па 6-ю клясу. Яны вучыліся 3 дні ў «Аксяродку» (беларускі цэнтар у Батумі) беларускай мове і літаратуры, матэматыцы, прыродазнаўчым навукам. А два дні на тыдзень ў грузінскай школе вывучалі мовы: грузінскую, ангельскую, францускую. Яшчэ Аксана дамаглася, каб ува ўсіх беларускіх клясах былі шахматы і грузінскія танцы, абавязковыя ў кожнай пачатковай школе Грузіі.

Рост утрая

Настаўніца расказвае, што першы год школа адпрацавала з васьмю вучнямі. Падвялі вынікі. І на наступны навучальны год дзеці Аксаны, якія вучыліся ў іншых батумскіх школах, таксама папрасіліся ў беларускую школу.

«Я сваіх дзяцей вучыць не люблю. Але давялося ўзяць іх: спачатку перайшоў малодшы, потым сярэдні і старэйшая дачка. І калі я пісала навучальны плян, рабіла яго з улікам, што важна і для маіх дзяцей. Для мяне акадэмічны складнік вельмі важны.

У наступным навучальным годзе колькасьць вучняў вырасла ўтрая. У нас вучацца 24 чалавекі — з 1 па 10 клясы. Працуюць 12 настаўнікаў. Зьявіўся абавязковы прадмет „Беларускія танцы“; ёсьць параўнальная міталёгія — грузінская, беларуская, клясычная; шмат матэматыкі — па 6 гадзін на тыдзень», — кажа Аксана Акуневіч.

Адкрыцьцё беларускай школы ў Варшаве, 2022 год
Адкрыцьцё беларускай школы ў Варшаве, 2022 год

То бок гэта паўнавартасная афіцыйная беларуская школа ў Грузіі, якая дае магчымасьць атрымаць ДНЖ і бацькам, і дзецям. Усе прадметы выкладаюцца па-беларуску.

«Я рэгулярна запрашаю людзей, якія хочуць жыць у Грузіі або працаваць у школе. Адна жанчына некалькі гадоў жыла ў Эгіпце, працавала ў ІТ — і памяняла праграмаваньне на выкладаньне ў нашай школе, пераехала ў Батумі, дзе атрымала ДНЖ», — апавядае заснавальніца беларускай школы.

Арэнда за свой кошт

Заробкі настаўнікам выплочваюцца з складак бацькоў — навучаньне аднаго дзіцяці каштуе 300 даляраў на месяц. Арэнду Аксана аплочвала збольшага з сваіх грошай, назапашаных на кватэру, але яны сканчаюцца.

«За навучаньне сваіх траіх дзяцей я плачу поўны кошт, як усе. Сама я заробку ў школе ня маю. Бываюць яшчэ ахвяраваньні — „Аксяродак“ і школа знаходзяцца ў адным месцы, і людзі, якія нават ужо зьехалі, часам падтрымліваюць нас. Я ведаю, як ў эміграцыі цяжка, і мы вельмі ўдзячныя за кожны лары, за кожны злоты. Бывалі месяцы, калі мы маглі назьбіраць 50% на арэнду, а ў мінулым месяцы атрымалася толькі 20%.

Хацелася б знайсьці чалавека ці кампанію, якія паверылі б у нас і падтрымалі. Ведаеце, сучасны Ізраіль пабудавалі мільянэры, якія жывуць у Амэрыцы. Мару, каб знайшоўся беларускі мільянэр, якому баліць, карціць і хочацца падтрымаць нас, — я жартую… Але фінансавая падтрымка нам вельмі неабходная», — кажа Аксана Акуневіч.

«Пазытыўная дыскрымінацыя»

Настаўніца расказвае, што было б ідэальна, каб налета «прырост» вучняў быў утрая большы, чым летась — да 75–80 вучняў. Бо дзеці растуць хутка, у Аксаны самой трое дзяцей, і ёй вельмі хацелася б, каб у іх было добрае асяродзьдзе, каб ім было з кім быць разам на адной хвалі.

«Я шмат што ўзгадваю з свайго дзяцінства — у школе я сьпявала ў габрэйскім хоры, удзельнічала ў габрэйскіх летніках — гэта было настолькі моцнае пачуцьцё еднасьці! Мне вельмі хочацца стварыць такую ж еднасьць, бо беларускасьць — гэта таксама моц і „пазытыўная дыскрымінацыя“.

Вось зараз мы будзем ладзіць беларускамоўны летнік (ужо трэці год запар), куды запрашаем з розных краінаў беларускіх дзяцей і дарослых, якіх аб’ядноўвае беларуская мова. Мне вельмі радасна, што дзеці паміж сабой працягваюць камунікаваць, калі ўжо скончыўся летнік, калі яны чакаюць наступнага году. Такога ж хацелася б і ад школы», — дзеліцца марамі Аксана Акуневіч.

«У Вільні застанецца, а ў Тбілісі, мусіць, ужо ня будзе»

Беларуская школа ў Варшаве старэйшая за батумскую на адзін год. Яе дырэктар Алесь (прозьвішча не называем у мэтах бясьпекі) у размове з Свабодай запэўнівае, што школа ў чацьвертым сэзоне дакладна будзе працаваць, нягледзячы на фінансавыя цяжкасьці і адсутнасьць грантаў.

«Але пакуль невядома, што будзе з нашымі філіямі. Яны былі ў розных гарадах Польшчы — Кракаве, Гданьску ды іншых, а таксама ў Батумі, у Тбілісі, у Вільні. Праўда, у Беластоку сёлета наша філія не аднавілася. Магчыма, налета штосьці атрымаецца. У Вільні школка дакладна застанецца, а ў Тбілісі, мусіць, ужо ня будзе», — кажа суразмоўца.

Пачатак навучальнага году ў беларускай школе ў Варшаве, верасень 2023 году
Пачатак навучальнага году ў беларускай школе ў Варшаве, верасень 2023 году

Алесь кажа, што абураецца пазыцыяй уладаў Беларусі, нібыта занепакоеных тым, што беларускія дзеці, якія апынуліся за мяжой, ня маюць магчымасьці вывучаць беларускую мову, літаратуру, гісторыю, геаграфію.

«Вялікая ўвага ў нас надаецца менавіта беларускаму кампанэнту. Я падкрэсьліваю: у нас вывучаюцца найперш беларуская мова, літаратура, культура, гісторыя, геаграфія, грамадазнаўства.

У некаторых філіях ёсьць і матэматыка, і фізыка па-беларуску — на жаданьне бацькоў. Да таго ж цікавая культурная частка: дзеці вучацца сьпяваць, танцаваць, займаюцца ў тэатральных гуртках», — заўважае дырэктар школы.

Ён не хавае, што ў 2024/2025 навучальным годзе вучняў паменела. Летась іх было больш за паўтысячы, а сёлета «больш за 200, але менш за 300». Бо істотна зьменшылася фінансаваньне.

«Наша школа сёлета фінансавалася выключна з ахвяраваньняў бацькоў. Раней былі гранты, міжнародная падтрымка. Цяпер няма. Сталых настаўнікаў засталося крыху больш за 10 чалавек», — кажа дырэктар Беларускай школы ў Варшаве.

У мінулую суботу ў школе Алеся прайшло культурна-мастацкае сьвята — завяршэньне навучальнага году. Абвешчаныя вакацыі да верасьня. Якім будзе наступны навучальны год, суразмоўца прагназаваць не бярэцца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG