«Нясьпешна крочу шляхам жыцьця. Разумею жыцьця хуткаплыннасьць, яго каштоўнасьць і шчасьце, адчуваю ў кожным імгненьні асалоду і радасьць. Спадзяюся, што мы яшчэ доўга будзем насычацца водарам, смакам і гаючай сілай жыцьця, і будзем шчасьлівымі», — напісаў сваякам палітвязень.
Уладзімер Гундар інвалід, ён ня мае нагі. Цяпер свой тэрмін Гундар адбывае ў крытай магілёўскай турме, замест пратэза, якім карыстаўся на волі, перасоўваецца па турме з дапамогай мыліц. Паводле крыніцы, дасьведчанай у справах палітвязьня, на ўмовы ў вязьніцы ён не наракае. «Што праўда, ён ня верыць у хуткую свабоду. Ведае, што патрэбна шмат цярпеньня», — паведамляе крыніца пра настрой Уладзімера Гундара.
Адзначыць дзень нараджэньня хаця б з дадатковамі прадуктамі да звычайнага рацыёну палітвязень ня мае магчымасьці, мяркуе крыніца і спасылаецца на зьвесткі, што Ўладзімер Гундар пазбаўлены перадач і абмежаваны ў набыцьці харчоў у турэмнай краме. Мяркуючы па лістах, палітвязень ставіцца да гэтага спакойна.
«Чым больш жыву на сьвеце, тым больш скептычна стаўлюся да сьвяткаваньня дня нараджэньня. 65 сустрэў і сэрцам раптам адчуў — нібы ў човен увайшоў — у вечнасьць пераплыць жыцьця бурлівую раку», — падзяліўся пачуцьцямі Ўладзімер Гундар.
- Уладзімер Гундар — фігурант «справы аб тэрарызьме Мікалая Аўтуховіча». Ён быў арыштаваны 30 сьнежня 2020 году і засуджаны на 20 гадоў, зь якіх яму адбываць яшчэ 15.
- 65-гадовы краязнаўца з Баранавічаў Уладзімер Гундар — інвалід 2-й групы. Падчас знаходжаньня ў СІЗА Ўладзімер Гундар часткова страчваў слых на адно вуха, пазьней слых аднавіўся. Вядома, што ў Гундара павышаны ціск, у зьняволеньні ён перанёс гіпэртанічны крыз, яму патрэбныя адмысловыя лекі.
- У 2022 годзе Ўладзімера Гундара, ужо засуджанага за напад на міліцыянта, засудзілі на 18 гадоў зьняволеньня ў крымінальнай справе аб тэрарызьме, так званай «справе Аўтуховіча».
- У канцы студзеня 2023 году Ленінскі суд Горадні засудзіў Гундара за абразу супрацоўніцы пракуратуры яшчэ на 2,5 года пазбаўленьня волі. Частковым складаньнем пакараньняў канчаткова Гундара засудзілі да 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Сваёй віны Ўладзімер Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным вязьнем.