Лукашэнка паабяцаў паставіць у Калінінградзкую вобласьць «няшчасную бульбу», нягледзячы на яе дэфіцыт у Беларусі

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй Калінінградзкай вобласьці РФ на чале з губэрнатарам Аляксеем Бяспрозванных. 9 чэрвеня 2025 году

У траўні ў крамах Беларусі з прылаўкаў зьнікла якасная бульба, а таксама ўзьніклі праблемы з цыбуляй і капустай. Гэта адбылося праз дыспарытэт цэнаў на гародніну, бо у Расеі яны вышэйшыя, і туды вытворцам выгадней прадаваць.

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб зьніжэньні аб’ёмаў гандлю з Калінінградзкай вобласьцю праз «праблемы зь лягістыкай».

Як адзначаецца на яго сайце, на сустрэчы з губэрнатарам Калінінградзкай вобласьці Аляксеем Бяспрозванных, цяпер пастаўкі зь Беларусі ідуць «доўгім шляхам» — спачатку на поўнач, а потым на паўднёвы захад (раней яны ішлі празь Літву. — РС).

«Але гэта не апраўданьне, што мы троху зваліліся ў апошні час», — сказаў Лукашэнка, як паведамляецца на ягоным сайце.

Паводле яго, раней беларуская сельская гаспадарка арыентавалася ў тым ліку і на Калінінградзкую вобласьць.

«Будзьце ўпэўненыя, што, нягледзячы на пэўныя праблемы зь лягістыкай, мы патрэбную колькасьць паставім прадуктаў харчаваньня. Усялякіх. У тым ліку і бульбы няшчаснай. Мне ўжо сёньня ўрад далажыў, што сьвежая маладая бульба беларуская ўжо на прылаўкі пайшла», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэфіцыт бульбы і цыбулі — чаканы вынік пастановы пра стрымліваньне цэнаў, — эканаміст Крук

У траўні ў крамах Беларусі з прылаўкаў зьнікла якасная бульба, а таксама ўзьніклі праблемы з забясьпечанасьцю цыбуляй і капустай. Паводле экспэртаў, гэта стала вынікам рэгуляваньня цэнаў, уведзенага ў кастрычніку 2022 году пастановай ураду № 713.

«У Расеі цэны пачалі расьці больш высокімі цэнамі, і розьніца паміж цэнамі ў Расеі і Беларусі істотна павялічылася. Гэта стварыла стымул для вытворцаў пастаўляць свае прадукты ў Расею. Да таго ж вытворцы ўжо чакаюць, што ў такой сытуацыі цэны ў Беларусі павінны падвысіць, і таму, натуральна, прытрымліваюць свой тавар, каб заўтра атрымаць за яго больш», — пракамэнтаваў Свабодзе старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі запэўнівалі, што забясьпечылі пастаўкі неабходных аб’ёмаў бульбы ў гандлёвыя сеткі, а яе недахоп на прылаўках зьвязаны з ростам попыту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы ў крамах Беларусі і заклікаў месяц патрываць
  • Апошнім часам з крамаў Беларусі зьнікла бульба й іншая гародніна мясцовай вытворчасьці, а калі яна ёсьць, то дробная і невысокай якасьці.
  • Урад ухваліў захады для паляпшэньня сытуацыі, якая ўзьнікла праз дыспарытэт цэн, калі беларускім вытворцам стала выгадней пастаўляць сваю бульбу на замежныя рынкі.
  • З 17 красавіка набыла моц пастанова Савету міністраў, якая ўносіць карэктывы ў сыстэму рэгуляваньня цэнаў. Згодна з дакумэнтам, лімітаваная максымальная адпускная цана на бульбу пабольшала з 76 капеек да 1 рубля.
  • Для падтрымкі беларускіх вытворцаў павялічылі гранічныя максымальныя адпускныя і раздробныя (гуртовыя) цэны на бульбу, капусту белакачановую і цыбулю, якія будуць дзейнічаць да 15 траўня 2025 году.
  • Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня і аблвыканкамы заявілі, што маюць дастаткова бульбы для ўнутранага рынку.