Менскі завод цывільнай авіяцыі ўжо пафарбаваў 17 паветраных машын, у тым ліку новы Airbus «Белавія».
«Завод загружаны цалкам у фарбаваньні і ў рамонце самалётаў. Мы сёньня можам канстатаваць факт, што ў эўразійскай прасторы ў нас зьявіўся найбуйнейшы замоўца на абслугоўваньне, на фарбаваньне самалётаў. Гэта „Аэрофлот“. Мы бачым, што фарбаваньне ідзе як гарачыя піражкі. Мы не пасьпяваем ужо, ужо затрымліваем», — сказаў міністар Ляхновіч.
Менскі завод прапануе і тэхнічнае абслугоўваньне самалётаў, а гэта вымушае займацца імпартазамяшчэньнем і вынаходзіць новыя спосабы.
«Што да дэталяў зборачных адзінак, Расейская Фэдэрацыя раней была настроеная і ішла шляхам міжнароднай глябальнай інтэграцыі і каапэрацыі. Многія агрэгаты, дэталі, кампанэнты вырабляліся ў Заходняй Эўропе. Цяпер, з улікам сытуацыі, якая склалася на рынку, яны павінны выконваць гэта самі.
І часта ёсьць нават многія дэталі, якія мы... робім, нават калі на іх няма дакумэнтацыі. І тут нам дапамагае і сучаснае абсталяваньне, як 3D-сканэр, мадэляваньне... Маючы гатовую дэталь, мы яе здымаем і вырабляем ізноў ужо імпартазамешчаную ў Беларусі. Але ў асноўным, паколькі едуць дэталі для Расеі ўсе гэтыя, для расейскіх самалётаў, то гэтае імпартазамяшчэньне, скажам, больш накіравана для расейскіх нашых кампаньёнаў», — сказаў дырэктар заводу Пякарскі.
«Белавія» пачала таксама эксплюатаваць адзін Airbus 330-200. Аб прыбыцьці ў Менск трох шырокафюзэляжных Airbus A330, якія раней належалі гамбійскай авіякампаніі Magic Air, стала вядома ў жніўні 2024 году. Magic Air — прыватная кампанія, што займаецца лізінгам і абслугоўваньнем самалётаў. 99% акцыяў кампаніі належыць ярданскаму бізнэсоўцу. Плянуецца, што ўсе тры самалёты ўступяць у строй у верасьні. Такім чынам, у флёце беларускага дзяржаўнага авіяперавозьніка «Белавія» зьявіцца абсалютна новы для беларускай авіяцыі тып паветраных машын.
Як раней паведамляла Свабода ў сваім сумесным з праектам «Бюро Мэдыя» расьсьледаваньні, Airbus A330-200 трапіў у Беларусь празь фірму-«пракладку», зарэгістраваную ў афрыканскай дзяржаве Гамбія. Самалёты вырабленыя ў Эўропе. Такім чынам, рэжым Лукашэнкі знайшоў спосаб, як абысьці санкцыі Эўразьвязу, уведзеныя за прымусовую пасадку самалёта 18 траўня 2021 году.
- Беларусь наладжвае вытворчасьць дэталяў для расейскіх самалётаў, каб зьнізіць залежнасьць ад Захаду. Авіяцыйная галіна Беларусі знаходзіцца пад санкцыямі ад 2021 году, забароненыя палёты «Белавія» у Эўропу. ЗША ў чэрвені 2022 году забаранілі «Белавія» выкарыстоўваць амэрыканскія дэталі для самалётаў, а ў жніўні 2023 — дадалі ў санкцыйны сьпіс і Менскі завод цывільнай авіяцыі.
- Санкцыі ЭЗ і ЗША істотна абцяжарылі абнаўленьне авіяфлёту і доступ да тэхнічнага абслугоўваньня. У сьнежні 2021 году Белавія была вымушана вяртаць лізінгавыя самалёты і цяпер абмежаваная ў выбары новых. Цяпер у авіябазе Беларусі 13 самалётаў Boeing і Embraer сярэдняга ўзросту 11 гадоў. Ёсьць цяжкасьці з рамонтам і пастаўкам дэталяў.
- У 2024 годзе «Белавія» заявіла пра пляны пераарыентавацца на закупку расейскіх самалётаў МС‑21 і Sukhoi Superjet New.