9 чэрвеня меў бы выйсьці на волю палітвязень Вітольд Ашурак, які загінуў за кратамі

Вітольд Ашурак

​​​​​​​Палітвязень Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня 2021 году ў Лідзкім раённым судзе прысудзілі 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму, павінен быў выйсьці на волю па заканчэньні тэрміну сёлета 9 чэрвеня. 21 траўня 2021 году ён памёр у шклоўскай калёніі на 51-м годзе жыцьця.

Афіцыйная прычына смерці — спыненьне сэрца.

Зь ліста Вітольда Ашурка.

Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у невялікай Бярозаўцы, што на Лідчыне, з насельніцтвам 10 тысяч чалавек. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Ня раз балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Падымаў экалягічныя пытаньні. Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага.

Вітольда судзілі за падзеі 9 жніўня. Як расказваў жыхар Бярозаўкі Сяргей, тады ў цэнтры Ліды ўвечары сабраліся каля 3 тысяч чалавек. Яны арганізавана пайшлі пад райвыканкам. Ішлі па ходніках і пешаходных пераходах, чакалі на сьвятлафорах. Пад райвыканкамам лідзяне заклікалі прызнаць выбары несапраўднымі, вынікі сфальсыфікаванымі. Да іх на перамовы выйшлі міліцыянты ў парадных белых кашулях.

«Каля райвыканкаму ніякага гвалту не было. Наадварот, Вітольд заклікаў да супакою, да парадку. Нават калі да яго падышоў начальнік лідзкага РАУС Гуляшка і папрасіў адысьці ад сьценаў райвыканкаму, Вітольд адказаў: „Так, людзі адыдуць, але і вы таксама адганіце аўтазак, бо людзі хвалююцца“. Людзі адышлі, і аўтазак ад’ехаў», — расказаў Сяргей.

Потым прыехалі дзьве машыны, падобныя да пажарных, і пусьцілі газ. Людзі кідалі ў машыны плястыкавыя бутэлькі, але нічога не пашкодзілі.

«Вось і ўся віна Вітольда... На яго наляцелі, скруцілі, зацягнулі ў райвыканкам. Пасьля ўсе мірна разышліся, за сабой нават сьмецьце папрыбіралі», — расказвае Сяргей.

Ашурка тады асудзілі на 20 дзён арышту: 15 за «ўдзел у масавым мерапрыемстве» і 5 за «непавагу да суду», бо ня ўстаў, калі зайшоў судзьдзя. Празь 5 дзён яго выпусьцілі, бо сталі выпускаць усіх «палітычных».

Ашурак працягваў езьдзіць на «ланцугі салідарнасьці» ў Ліду, не хаваўся, бо не лічыў сябе вінаватым.

Наступны раз Вітольда затрымалі 19 верасьня, каб даседзеў неадседжаныя 15 дзён. Таксама яго асудзілі яшчэ на 15 содняў за 8 мітынгаў, у якіх ён браў удзел. Аднак пасьля месяца за кратамі Вітольд ня выйшаў. Стала вядома, што на яго завялі дзьве крымінальныя справы.

«Мне здаецца, гэта была „паказальная лупцоўка“. Лідчына дастаткова прагучала падчас падзеяў апошніх месяцаў. Вітольд для многіх знакавая асоба... Калі на яго будуць ціснуць, ён дакладна ня будзе ніякіх папераў падпісваць, будзе стаяць на сваім. За праўду будзе стаяць да канца. З аднаго боку, за гонар мець такога сябра, з другога, я крыху за яго баюся», — расказваў сябра Вітольда Сяргей.

Ашурка асудзілі 18 студзеня на 5 гадоў калёніі, таксама ён мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту. Суд вырашыў, што Ашурак арганізоўваў «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», а таксама чыніў «гвалт над міліцыянтам». Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, папярэдне гэта тлумачылі эпідэміяй каранавірусу, потым дзяржаўнай таямніцай.

21 траўня 2021 года Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калёніі. Афіцыйная прычына – спыненьне сэрца. Яму было 50 гадоў.

Сваякі сьцьвярджалі: да зьняволеньня праблем са здароўем у Вітольда не было. Пасьля сьмерці Сьледчы камітэт апублікаваў відэа, на якім палітвязень ледзьве стаіць на нагах. Ягонае цела перадалі з забінтаванай галавой. Справу па факту сьмерці не завялі.

«Альянс расьсьледнікаў Беларусі» разам з «Кібэрпартызанамі» правялі сваё расьсьледаваньне загадкавай сьмерці палітвязьня. Яны сьцьвярджаюць, што Ашурка забілі. Адказныя за сьмерць — адміністрацыя ПК № 17 і мэдычны пэрсанал.

Аўтары называюць імёны датычных да сьмерці Вітольда Ашурка, расказваюць новыя падрабязнасьці сьмерці палітвязьня і падаюць імаверную прычыну сьмерці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упаў за дзень да сьмерці, памёр у машыне «хуткай». Выйшаў фільм з дэталямі гібелі Вітольда Ашурка


Вось некаторыя тэзісы і падрабязнасьці справы аб забойстве Вітольда Ашурка, пра якія заяўляюць аўтары фільму:

  • на момант этапаваньня з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію ён быў здаровы;
  • за час карантыну і штрафнога ізалятару яго давялі да зьнясіленьня;
  • цела сваякам выдалі з шматлікімі прыжыцьцёвымі пашкоджаньнямі;
  • імаверныя прычыны падзеньня Вітольда — узьдзеяньне прэпаратаў, агульнае зьнясіленьне арганізму з прычыны пазбаўленьня ежы і сну, катаваньні;
  • адказныя за сьмерць — адміністрацыя ПК № 17 і мэдычны пэрсанал;
  • адсутнасьць афіцыйнай вэрсіі падзеяў, вынікаў экспэртызаў, а таксама дзеяньні адміністрацыі ПК № 17 — дадатковыя пацьверджаньні высноваў расьсьледаваньня.


21 траўня, у гадавіну сьмерці Вітольда Ашурка, беларусы сьвету праводзяць Дзень салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі Беларусі.

Хто такі Вітольд Ашурак

  • Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
  • Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
  • Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
  • Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
  • Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
  • Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
  • Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
  • Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
  • Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
  • Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
  • 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
  • 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
  • Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
  • У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
  • Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
  • Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.