У Беларусі абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі праз моцныя залевы

Моцны дождж у Менску ў ліпені 2018 году. Ілюстрацыйнае фота

У Менску ў нядзелю больш за дзьве гадзіны не працаваў транспарт.

У Беларусі 9 чэрвеня праз моцныя залевы, навальніцы і шквалісты вецер абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі.

У Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў (МНС) Беларусі папярэдзілі аб магчымых абрывах лініяў сувязі і электраперадачаў, парушэньні энэргазабесьпячэньня, адключэньні электрападстанцыяў, пашкоджаньні і падзеньні канструкцыяў і дрэваў.

У Белгідрамэце паведамілі, што на большай частцы Беларусі пройдуць дажджы, месцамі будуць навальніцы і парывісты вецер да 15–20 мэтраў у сэкунду. Тэмпэратура паветра +14...+20°С, у паўднёва-ўсходніх раёнах +21...+23°С.

У нядзелю 8 чэрвеня супрацоўнікі МНС займаліся ліквідацыяй наступстваў моцных дажджоў і навальніц. У Магілёўскай вобласьці пашкоджана інфраструктура і прыватная маёмасьць, тры паселішчы заставаліся без электраэнэргіі.

У чатырох раёнах Берасьцейскай вобласьці пашкоджаны 21 жылы будынак, зафіксаваныя 27 фактаў падзеньня дрэваў.

На Гомельшчыне адбылося 142 выпадкі падзеньня дрэваў, які пашкодзілі шэсьць аўтамабіляў, пацярпелі 10 будынкаў.

У Менску затапіла 20 асноўных участкаў дарог, на дзьве з паловай гадзіны спыняўся рух грамадзкага транспарту. Яго змаглі аднавіць толькі ўвечары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Беларусь уначы зноў абрынулася непагадзь. Больш за сто паселішчаў засталіся безь сьвятла