Што кажуць беларусы на ЛГБТК-прайдзе ў Вільні. Фотарэпартаж

Парад у абарону правоў ЛГБТ у Вільні 7 чэрвеня 2025 году

7 чэрвеня ў Вільні прайшоў Балтыйскі ЛГБТК-парад, які сабраў каля 20 тысяч удзельнікаў, сярод якіх была і беларуская калёна. Свабода запыталася ў беларусак і беларусаў, чаму яны прыйшлі на прайд і што гэта для іх азначае.

Чэрвень — месяц ЛГБТ-прайдаў ва ўсім сьвеце. Гэта месяц памяці і сьвяткаваньня гонару лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгэндэраў, а таксама змаганьня за іх правы. Традыцыя адзначаць месяц гонару пачалася пасьля Стоўнвалскіх бунтаў — сэрыі пратэстаў 1969 году ў ЗША за правы геяў.

Наста Базар

Наста Базар, праваабаронца:

— Я не хачу нікому нічога даказваць, не хачу змагацца. Я проста хачу быць. Але я разумею: калі мы ня скажам, што мы ёсьць, — нас проста ня будзе бачна. І тады будзе яшчэ прасьцей сказаць: «Дык вас няма».

Што да рыторыкі пра бел-чырвона-белы сьцяг — ён такі ж наш, як і ўсіх іншых. Нікога не турбуе, што з гэтым сьцягам выходзяць людзі ня толькі на пратэсты, але і вернікі, футбольныя фанаты, рабочыя з заводаў. І ўсе ставяцца да гэтага спакойна. Для мяне гэта пра прыналежнасьць. Я беларуска, гэта мой сьцяг. Я паказваю, што мы ёсьць. Я ёсьць. Я такая ж частка Беларусі, як і ўсе іншыя.

Андрэй Павук

Андрэй Павук, блогер:

— Я прыйшоў з чырвона-зялёным сьцягам, каб прыцягнуць увагу Лукашэнкі, ягонай прапаганды і яго прыхільнікаў. Хацеў паказаць, што прыйсьці на прайд — гэта ня страшна. Было шмат рэакцый: падыходзіла паліцыя, казалі, што сьцяг нібыта забаронены ў Літве. Але праверылі дакумэнты і адпусьцілі. Для мяне прайд — гэта пра свабоду і роўнасьць, а не пра нейкую «прапаганду», як спрабуюць выставіць.

Прайд сутыкнуўся з апазыцыяй з боку хрысьціянскіх арганізацый. Яе прадстаўнікі акрапілі калёну сьвятой вадой.

Аляксандра Гушча

Аляксандра Гушча, мастачка, дызайнэрка:

— Я — квір-асоба з інваліднасьцю, і я беларуска. Мы падкрэсьліваем, што прайд — гэта ня проста сьвята і ня толькі нагода прыгожа адзецца. Гэта пратэст. Нават у Літве і ў іншых эўрапейскіх краінах ЛГБТК-супольнасьць дагэтуль ня мае роўных правоў. Пра такія краіны, як Беларусь, на жаль, нават не ідзе гаворка. Таму барацьба працягваецца. І для мяне — гэта гонар і прывілей быць яе часткай. Я вельмі спадзяюся, што калі-небудзь на ўласныя вочы ўбачу прайд у Беларусі і змагу ў ім удзельнічаць. А пакуль мы рыхтуемся. І вучымся.

Сева

Сева, прэс-сакратар Задзіночаньня беларускіх студэнтаў (ЗБС):

— Я прыйшоў са сваім транспартным сродкам — аўтазакам. Ён ужо трэці год катаецца на прайдзе. Гэтым сымбалем я хачу паказаць, што ня ўсе аўтазакі вялікія, жахлівыя і пагрозьлівыя. Яны могуць быць і ружовыя, мяккія, пухнатыя. І выконваць сацыяльную функцыю. На аўтазаку — QR-коды, якія вядуць да артыкула пра гісторыю спробаў правядзеньня ЛГБТК-маршаў у Беларусі з 2010 году і пра катаваньні ды перасьлед прадстаўнікоў квір-супольнасьці.

Маргарыта Ворыхава

Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту па моладзевай палітыцы і студэнцтве:

— Для мяне было важна прыйсьці на прайд, бо беларусы розныя — і маюць права адкрыта быць сабой, насуперак таму, што нам паказвае рэжым Лукашэнкі. Улады хаваюць, што ў Беларусі ёсьць людзі з рознымі ідэнтычнасьцямі, але мы паказваем: беларусы — яркія і прыгожыя ў сваёй разнастайнасьці.

Уладзь Гарбацкі

Уладзь Гарбацкі, выкладчык, пісьменьнік:

— Для мяне гэта сьвята і як для беларуса, і як для гея. У Беларусі мы ня можам выходзіць на прайд. Цяпер я ўдзельнічаю яшчэ з большай матывацыяй, бо многія мае калегі, якія таксама хацелі б быць тут, сядзяць у турмах. Беларусы і беларускі ўвогуле ня могуць далучыцца да такога сьвята — гэта забаронена. Мы выходзім, пакуль у нас няма правоў. У нас ёсьць шмат абавязкаў, але мала правоў. Таму гэта ня толькі маскарад, гэта палітычнае сьвята, гэта выхад змаганьня за правы.

Юлія Міцкевіч

Юлія Міцкевіч, намесьніца прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту па сацыяльнай палітыцы:

— Для мяне як жанчыны-палітыка важна падтрымліваць беларускую квір-супольнасьць і паказваць, што дэмакратыя — гэта абарона ўразьлівых груп. Права на свабоду самавыяўленьня, права будаваць сям’ю, права на партнэрскія адносіны і абарону ад дыскрымінацыі павінна быць ва ўсіх, незалежна ад ідэнтычнасьці.

Багдан Хмяльніцкі

Багдан Хмяльніцкі, культурніцкі мэнэджар:

— На жаль, сёньня правесьці прайд у Беларусі немагчыма, але ЛГБТК-людзі заўжды прысутныя і ў палітычным, і ў грамадзкім жыцьці нашай краіны. Для мяне асабіста важна ўдзельнічаць сёньня, бо мы бачым, як адбываецца наступ на правы ўсіх людзей, ня толькі ЛГБТК. Таму важна сустрэцца з аднадумцамі, з тымі, хто падтрымлівае базавыя правы чалавека. Гэта дадае энэргіі і веры ў тое, што сытуацыя зьменіцца да лепшага — у Беларусі, у шматлікіх эўрапейскіх краінах і ва ўсім сьвеце.

Дзьмітры Лепрэтар

Дзьмітры Лепрэтар, адвакат:

— Я беларус, таму я разам зь беларусамі на прайдзе. Я выходжу, бо для мяне гэта асабістая гісторыя. І я вельмі ўсьцешаны, што нават на прайдзе беларусы праяўляюць салідарнасьць і падтрымліваюць адно аднаго. Гэта для мяне асабіста вельмі чульлівы момант.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Associated Press: Беларусь капіюе рэпрэсіўную палітыку Расеі ў дачыненьні да ЛГБТК+
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гамафобія ў законе». Як жывуць за кратамі вязьні зь «нізкім сацыяльным статусам» і колькі сярод іх палітвязьняў