«Калі курс пачаў падаць, я спачатку перажывала». Распыталі беларусаў, як яны захоўваюць грошы пасьля падзеньня даляра

Ілюстрацыйнае фота

Як лепш захоўваць грошы, калі даляр апусьціўся ніжэй за 3 рублі і працягвае падаць? Якія ёсьць альтэрнатыўныя варыянты: эўра, золата, дыямэнты, акцыі? Пераказваем парады экспэрткі.

У канцы 2024 году курс даляра ў Беларусі дасягнуў гістарычнага максімуму. За адзінку амэрыканскай валюты беларускія банкі прапаноўвалі больш чым 3 рублі 60 капеек. Аднак пасьля даляр зазнаў рэзкі спад. На пачатку траўня яго курс упершыню за доўгі час апусьціўся ніжэй за 3 рублі. Свабода пагаварыла зь беларусамі, якія ўсё жыцьцё прызвычаіліся чакаць росту курса даляра, а таксама з эканамісткай, якая патлумачыла, як зараз лепш захоўваць ашчаджэньні.

«Адкладваць не ўдаецца»

Наста і Алег — маладая сям’я (імёны ўсіх герояў зьмененыя з прычын бясьпекі. — РС). Яна малады спэцыяліст, лекар-інтэрн, ён працуе ў лягістычнай кампаніі. На пытаньне, у чым яны захоўваюць свае ашчаджэньні, шчыра расьсьмяяліся.

«Пра якія даляры-эўрыкі вы кажаце? Так, у нас у заначцы ёсьць крыху „зялёных“, што на вясельле падаравалі. Частку „спусьцілі“ на мядовы месяц у Турэччыне. Рэшткі дамовіліся не чапаць бяз вострай патрэбы. Адкладваць з заробкаў не ўдаецца. Мы вырашылі жыць выключна на свае і не пазычаць у бацькоў. Але заробкаў ледзь хапае на арэнду жытла, харчаваньне і мінімальныя патрэбны. А хочацца ж яшчэ і ў клюб схадзіць, і ў кавярню, і на фітнэс… Так што курс даляра нас пакуль не цікавіць. Эўра таксама, бо візаў няма», — апавядае Наста.

Абмен валют у Менску, ілюстарцыйнае фота

Лепшыя часы

Алена і Андрэй — звычайная сям’я, заробкі атрымліваюць у беларускіх рублях. Маюць сына-падлетка. Стараюцца адкласьці — на адпачынак, на вучобу і рэпэтытараў для дзіцяці, на непрадказальныя выдаткі. У сям’і ёсьць завядзёнка пасьля таго, як разьлічыліся з крэдытам за кватэру: у лепшыя часы з заробкаў кожны месяц куплялі 200–300 даляраў. Даляры больш прывычныя, бацькі лічылі цэны буйных пакупак у далярах, кватэру набывалі за даляры, тлумачыць Алена.

«Празь перавод у даляры мне больш зразумела, дорога гэта ці танна. Стараемся заначку не чапаць, ня бегчы ў абменьнік, калі бракуе да наступнага заробку, а „пераняць“ пару соцень беларускіх рублёў у бацькоў ці ў калег. Але бываюць выпадкі, калі ўлазім у заначку: летась выправіліся ў адпачынак у Турэччыну, узялі з сабой даляры. Хацелі паступова вярнуць іх у „схованку“, але пакуль не ўдалося», — кажа Алена.

Прыкладна зь мінулай восені, калі даляр стаў паціху «падаць», вырашылі «дывэрсыфікаваць» рызыкі і сталі купляць і даляры, і эўра.

«Раней былі і эўра ў той заначцы, бо пару разоў езьдзілі ў адпачынак у Эўропу — даўно, яшчэ да ковіду. Цяпер шэнгенскіх візаў няма. Але эўра няхай таксама будуць.

Калі даляр пачаў падаць, я спачатку перажывала. Муж кажа: „Ты можаш на штосьці паўплываць? Не? Дык супакойся!“ Па-першае, у нас у заначцы не такая ўжо вялікая сума. Па-другое, так падаражала ўсё у крамах, што мы ў траўні купілі толькі 50 эўра і 50 даляраў. А ў чэрвені, мабыць, зусім не атрымаецца нічога адкласьці, бо патрэбны рамонт машыны», — кажа Алена.

Ілюстрацыйнае фота

У адказ на пытаньне, ці варта ўкладваць зьберажэньні ў золата, дыямэнты, Алена пачала сьмяяцца.

«Вой, у сям’і ёсьць „спадчына“ бабулі і дзьвюх матуляў — маёй і мужавай. Некалькі залатых пярсьцёнкаў з камянямі, пару ланцужкоў, завушніц, як разумею, модных у 1970-я гады. Бабулі не ўкладалі ў золата, тады на вясельлі, дні народзінаў прынята было дарыць упрыгажэньні. Але цяпер гэта „лом“ — можна здаць у скупку. Цэны ў скупках мізэрныя. Няхай пакуль ляжаць як памяць. Ну, а смарагды-дыямэнты — гэта не для сярэдніх беларусаў, дый насіць іх мне няма куды», — кажа Алена.

Некалькі валютаў

Эканамістка цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна пагаджаецца, што цяперашняе падзеньне курсу даляра азадачыла беларусаў. І раіць — калі заўважаюцца істотныя ваганьні курсаў, нават калі ёсьць невялікія ашчаджэньні, захоўваць іх у некалькі валютах.

«Бо сытуацыя з тым жа далярам можа зьмяніцца празь некалькі месяцаў. І бегаць, перакладаць з адной валюты ў іншую наўрад ці хтосьці будзе. Таму ёсьць сэнс, да прыкладу, захоўваць ашчаджэньні ў далярах і ў беларускіх рублях. Даляры і эўра захоўваць на дэпазытах нявыгадна, бо працэнтныя стаўкі вельмі нізкія. А працэнтныя стаўкі на беларускія рублі цяпер складаюць 14–15%, адсотак вышэйшы за інфляцыю. Аднак трэба разумець, што беларускі рубель — ня надта стабільная валюта. Плюс можа вырасьці інфляцыя, што мы бачылі ў апошнія месяцы», — кажа эканамістка.

Анастасія Лузгіна

Залатыя дэпазыты

Яшчэ адзін варыянт — укладацца ў золата. Але гэта азначае не пярсьцёнкі скупляць ў ювэлірных крамах, а захоўваць ашчаджэньні ў залатых дэпазытах.

«То бо ў банку вы купляеце золата, але на рукі яго не атрымліваеце. Вам адкрываюць рахунак, і вы зарабляеце на тым, як зьмяняецца цана таго золата. А золата ўжо цягам некалькіх гадоў расьце ў цане. Таму гэта можна разглядаць як адзін з варыянтаў. Але ён не прынясе вам хуткіх прыбыткаў», — экспэртка ацэньвае і плюсы, і мінусы.

Укладацца ў токены

Што да хутчэйшых інвэстыцыйных варыянтаў, то, на жаль, для беларусаў іх набор абмежаваны. Можна, вядома, паглядзець на рынак карпаратыўных аблігацыяў, акцыяў, але ён у Беларусі ня надта разьвіты (асабліва акцыяў), кажа адмыслоўца.

«Адзін з інавацыйных варыянтаў — гэта ўкладацца ў токены (адпаведнік каштоўнай паперы ў лічбавым сьвеце, не прывязаны да курса адной канкрэтнай крыптавалюты — РС), такенізаваныя актывы. У Беларусі зараз працуюць дзьве пляцоўкі такенізаваных актываў. У істоце, тут вы таксама купляеце свайго кшталту аблігацыі — лічбавыя. Тут даходнасьць у параўнаньні са звычайнымі рублёвымі дэпазытамі будзе вышэйшая. У рублях прыбытак такенізаваных актываў будзе 20–22% гадавых. У замежнай валюце (далярах і эўра) гэта 8–8,5% (у параўнаньні з 2% на дэпазытах) — таксама нядрэнна. Гэтыя інструмэнты дазваляюць вам зарабіць. Але трэба разумець рызыкі. Праект, пад які плянавалася іх выкарыстаць, можа прагарэць, таргі могуць не адбыцца, актывы могуць не вярнуцца», — гаворыць Анастасія.

Нізкаліквідныя актывы

Можна укладацца ў нерухомасьць, куплю жытла. Але жытло цягам апошніх гадоў магло як падаць у цане, так і расьці. І трэба разумець, што жытло — гэта інструмэнт зь нізкай ліквіднасьцю, тлумачыць Анастасія Лузгіна.

«Нерухомасьць — нізкаліквідны актыў. Бо каб прадаць жытло, патрэбны час. А калі яно будзе падаць у цане, гэта наўрад ці хутка атрымаецца. Калі разглядаць жытло як інвэстыцыю, то гэта калі ў плянах ёсьць паляпшэньне жыльлёвых умоваў, ды яшчэ з прыцягненьнем крэдытаў. Але разглядаць жытло як прыбытковую ўгоду — тут таксама ёсьць пытаньні», — кажа экспэртка.