«Радыё Беларусь» абвінавацілі ў спробе паўплываць на вынікі выбараў у Польшчы

Польскамоўнае вяшчаньне менскай станцыі «Радыё Беларусь» у абыход санкцый Эўразьвязу распаўсюджвае дэзынфармацыю для польскай аўдыторыі на плятформах TikTok, YouTube, X і Facebook. Да такой высновы прыйшлі аўтары супольнага дакладу Digital Forensic Research Lab, Фонду палітычнай адказнасьці і Alliance4Europe.

З восені 2023 году на акаўнтах «Радыё Беларусь» зьявілася амаль 7800 відэаролікаў і допісаў з 16 мільёнамі праглядаў і больш як паўмільёна ўзаемадзеяньняў.

Аўтары дакладу лічаць, што гэтыя лічбы даказваюць, што «Радыё Беларусь» эфэктыўна праводзіць лічбавую кампанію па ўплыве на прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы, другі тур якіх адбудзецца ў гэтыя выходныя.

Сваім кантэнтам яно таксама імкнецца падарваць давер да дэмакратычных інстытутаў Польшчы, палярызаваць польскае грамадзтва, дыскрэдытаваць адных і падтрымаць іншых палітычных лідэраў, гаворыцца ў дакладзе.

Разам з тым, кандыдат у прэзыдэнты Мацей Мацяк, які выступаў на «Радыё Беларусь», атрымаў на выбарах усяго 0,2% галасоў. А колькасьць падпісчыкаў станцыі як для «ўплывовага СМІ» даволі сьціплая: каля 17 тысяч на YouTube, каля 2 тысяч на X, і 800 з гакам на Telegram.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рукі ўгору!» У рэгіянальных мэдыя правялі ператрусы за «ўслаўленьне Нямеччыны»

Аўтары дакладу падкрэсьліваюць, што зьвярталі ўвагу плятформаў на падсанкцыйны кантэнт яшчэ летась, але вынікаў не пабачылі. Толькі TikTok геаграфічна абмежаваў паказы.

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць беларускіх і расейскіх дзяржаўных СМІ пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ў 2022 годзе, які адбыўся ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

«Радыё Беларусь» выпускае кантэнт таксама на ангельскай, гішпанскай, нямецкай, польскай, францускай і кітайскай мовах. Апроч старонкі ў інтэрнэце і акаўнтаў у сацсетках, яно вяшчае з шасьці FM-перадатчыкаў, разьмешчаных уздоўж мяжы з Эўразьвязам. Польскамоўныя праграмы выходзяць з 2006 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў выйшлі мэр Варшавы Тшаскоўскі і кансэрватар Наўроцкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы. Хто асноўныя фаварыты і што яны казалі пра Беларусь