Апублікавалі дакумэнт Палаты прадстаўнікоў аб узгадненьні кандыдатуры прэм’ера на нечарговым пасяджэньні

Прэм’ер Беларусі Аляксандар Турчын. Архіўнае фота

Свабода прааналізавала храналёгію падзеяў 10 сакавіка, калі Аляксандар Лукашэнка абвясьціў прозьвішча новага прэм’ер-міністра.

Паводле новай Канстытуцыі, прапанаванай Аляксандрам Лукашэнкам, Палата прадстаўнікоў мусіла даць «згоду» на прызначэньне Аляксандра Турчына.

12 сакавіка на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале зьявілася пастанова Палаты прадстаўнікоў, падпісаная яе старшынём Ігарам Сергеенкам.

«У адпаведнасьці з пунктам 4 часткі першай артыкулу 97 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі даць папярэднюю згоду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі на прызначэньне Турчына Аляксандра Генрыхавіча прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусі», — адзначаецца ў дакумэнце.

Інфармацыю аб пасяджэньні на тэму згоды ў Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў апублікавалі аб 11:55 10 сакавіка.

Адметна, што зьвязаны з прэсавай службай Аляксандра Лукашэнкі Telegram-канал «Пул первого» аб прызначэньні прэм’ера паведаміў на паўтары гадзіны раней (а 10:30), чым Палата прадстаўнікоў паінфармавала аб правядзеньні нечарговага пасяджэньня.

Дзяржаўныя СМІ пачалі пісаць аб прызначэньні Аляксандра Турчына 10 сакавіка пасьля 12-й гадзіны дня.

Пры гэтым адмысловае пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў не анансавалася, гэты тыдзень дэпутаты мусілі прысьвяціць працы ў камітэтах.

Апроч таго, прэсавая служба Палаты прадстаўнікоў анансавала на гэты дзень правядзеньне Ігарам Сергеенкам «асабістага прыёму грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў».

Згодна з рэглямэнтам Палаты прадстаўнікоў, кандыдатуру прэм’ер-міністра перад разглядам у сэсійнай залі павінны разгледзець у пастаянных камісіях, высновы якіх маюць абвясьціць перад галасаваньнем.

Рашэньне аб папярэдняй згодзе на прызначэньне прэмʼер-міністра Палата прадстаўнікоў павінна ўхваліць не пазьней, чым цягам двух тыдняў ад унясеньня кандыдатуры.

У выпадку ўнясеньня кандыдатуры ў пэрыяд паміж сэсіямі для разгляду гэтага пытаньня павінны склікаць нечарговую сэсію. Наконт нечарговага пасяджэньня, як гэта адбылося 10 сакавіка, у рэглямэнце тлумачэньняў няма.

Відэазапіс, абнародаваны прэсавай службай Палаты прадстаўнікоў, зроблены з аднаго ракурсу, калі Ігар Сергеенка зачытвае пытаньне для разгляду на пасяджэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў Галоўчанку кіраваць Нацбанкам, а прэм’ер-міністрам стаў Турчын