Сваякі Захаранкі і Красоўскага будуць абскарджваць прысуд экс-байцу САХР Гараўскаму ў Швайцарыі

Сваякі зьніклых палітыкаў Валерыя Красоўская і Алена Захаранка перад судом

Прадстаўнік Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай у швайцарскім судзе Севярын Вальц паведаміў выданьню «Новы Час», што абавязкова будзе абскарджваць вынесены 28 верасьня апраўдальны прысуд экс-байцу САХР Юрыю Гараўскаму.

Паводле Севярына Вальца, ён вельмі расчараваны сёньняшнім выракам і лічыць гэтае рашэньне няправільным. Ён таксама выказаў спадзеў, што суд другой інстанцыі вынесе датычна Юрыя Гараўскага іншае рашэньне, і кажа, што для гэтага, на ягоную думку, ёсьць падставы.

Як зазначыў Севярын Вальц, галоўная сутнасьць сёньняшняга рашэньня ў тым, што судзьдзя ня даў веры паказаньням Гараўскага, якія той даваў у судзе, і ня лічыць, што паказаньні Гараўскага былі праўдзівыя. Але гэта не азначае, што непраўдзівая сама гісторыя выкраданьня беларускіх апазыцыйных палітыкаў — ёсьць падставы сумнявацца менавіта ў паказаньнях і ролі Гараўскага з прычыны шматлікіх супярэчнасьцяў у ягоных паказаньнях.

Севярын Вальц пры гэтым адзначыў, што Гараўскага не дэпартуюць з Швайцарыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарскі суд не прызнаў Гараўскага вінаватым у справе аб выкраданьнях апанэнтаў Лукашэнкі
  • 28 верасьня ў судзе кантона Санкт-Гален у Швайцарыі абвясьцілі прысуд экс-байцу беларускага САХРа Юрыю Гараўскаму, які ў 2019 годзе публічна заявіў аб сваёй датычнасьці да выкраданьня апазыцыйных палітыкаў у Беларусі — выкраданьня і забойства былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.
  • Судзьдзя Олаф Хумбэль апраўдаў Гараўскага па гэтай справе, узяўшы паказаньні экс-байца САХР пад сумнеў. Гараўскага таксама прызналі невінаватым па артыкуле аб увядзеньні правасудзьдзя ў зман.
  • Грамадзянскія пазовы сваякоў зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі — Алены Захаранкі (дачка экс-кіраўніка МУС Беларусі Юрыя Захаранкі) і Валерыі Красоўскай (дачка бізнэсоўца Анатоля Красоўскага) — на 200 тысяч франкаў будуць перанакіраваныя ў грамадзянскі суд. Судовыя выдаткі на суму амаль 45 тысяч франкаў пакрые дзяржава.
  • Юрыя Гараўскага судзілі ў межах унівэрсальнай юрысдыкцыі, згодна зь якой цяжкае злачынства, учыненае ў адной краіне, можа стаць прадметам расьсьледаваньня ў іншай краіне. Швайцарскае заканадаўства не дазваляе прыцягнуць Гараўскага да адказнасьці па больш сур’ёзным крымінальным артыкуле — за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанэнтамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасьць да «шматлікіх зьнікненьняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне ня важна, дадуць Гараўскаму 3 гады ці 30». Лера Красоўская пра суд над датычным да выкраданьня і забойства яе бацькі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці раскаяўся Гараўскі? Найважнейшае з суду над былым байцом «эскадрону сьмерці»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Гараўскага. Незалежны суд як напамін палітыкам пра тое, што ім ніколі не даруюць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падышоў Паўлічэнка і стрэліў у сьпіну абодвум». Што Гараўскі расказаў у першы дзень суду аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі апазыцыі пра суд над Гараўскім: «Якім бы доўгім ні было правасудзьдзе — яно надыходзіць»