Асудзілі трэцюю групу фігурантаў «пінскай справы»

Адзін з судоў па «пінскай справе»

21 кастрычніка ў Ленінскім судзе Берасьця пакаралі яшчэ 2 чалавек за ўдзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году ў Пінску.

Раней у межах гэтай крымінальнай справы асуджана ўжо 24 чалавекі на тэрміны ад 4 да 6,5 года зьняволеньня. Усе яны ўжо адбываюць пакараньне ў калёніях.

Суд над новымі фігурантамі «пінскай справы» пачаўся 10 верасьня.

Сёньня судзьдзя Андрэй Грушко прысудзіў:

  • Ільлі Бохану — тры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму,
  • Сьцяпану Дразду — чатыры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Згодна з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Бохану ставілася ў віну тое, што ён зламаў дрэва і кінуў у міліцыянтаў алюмініевую бляшанку з-пад энэргетыка; Дразду — што два разы кінуў невядомыя прадметы ў бок сілавікоў.

5 кастрычніка адбыліся спрэчкі бакоў, пазьней абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.

Падчас сваёй прамовы Ільля Бохан прапанаваў руку і сэрца сваёй дзяўчыне.

«Яна, [...] у мяне ёсьць ты. Любіш мяне? І ў любым выпадку дачакаесься? Даруй, што тады накрычаў на цябе. Я цябе вельмі моцна кахаю. Я ўдзячны Богу, што сустрэў цябе. Я хачу зрабіць табе прапанову. Янка, выходзь за мяне замуж. Прабач яшчэ раз за ўсё», — працытавала словы Бохана «Вясна».

Сьцяпан Дрозд у апошнім слове заявіў:

«Я казаў, што ня згодны з тым, што мне прад’явілі. Ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў я не зьдзяйсьняў. Я проста не магу зразумець, як дзеці будуць расьці безь мяне. Чалавека пакараць можна за нейкія імгненьні, але гэтае пакараньне — яно неабгрунтаванае. Я лічу, што Высокі суд неяк улічыць гэта і вынесе слушны прысуд. Мне больш сказаць няма чаго».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаныя фігуранты «пінскай справы» адмаўляюцца пісаць просьбы Лукашэнку аб памілаваньні

У чым абвінавацілі фігурантаў:

  • ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі,
  • у закліках дэмантаваць тратуарную плітку,
  • закліках «біць сілавікоў»,
  • пашкоджаньні маёмасьці,
  • кіданьні камянёў, фрагмэнтаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек,
  • ударах па сілавіках рукамі і нагамі.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, падсудныя далучыліся да дзеяньняў іншых асобаў і адзін да аднаго «ў мэтах дасягненьня адзінага выніку, што праявілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаньнях і зьнішчэньні маёмасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 5 з паловай гадоў калёніі. Асудзілі другую групу абвінавачаных у «пінскай справе»

Што расказвалі пінчукі пра падзеі 9–10 жніўня

Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт.

Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшаў начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі. Ён прапанаваў вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.

Дзьве з паловай гадзіны пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. Урэшце да гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі некалькі дзясяткаў людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца.

Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Кожны, хто не абыякавы да Беларусі, тут вельмі патрэбен»

Начальнік міліцыі справакаваў сутычку з пратэстоўцамі?

Паводле сваякоў першай групы абвінавачаных, у адным зь відэафайлаў, які пракуроры прадставілі ў ходзе перадапошняга судовага пасяджэньня 13 красавіка, высьветлілася, што сутыкненьні паміж грамадзянамі і сілавікамі пачаліся пасьля каманды начальніка пінскага ГАУС Дзьмітрыя Каравякоўскага «Да бою» і ягонага закліку на выцясьненьне.

На скрыжаваньні вуліц Заслонава і Леніна ў момант сутыкненьняў начальнік ГАУС прамаўляў таксама «Ўсім здацца» і «Атачаем і затрымліваем усіх». А крыху пазьней у мэгафон ён даў распараджэньне: «Адкрыць агонь!».

Усе гэтыя каманды 10 жніўня чулі і пратэстоўцы. Паводле прадстаўнікоў абароны абвінавачаных, людзі ўспрымалі іх літаральна. Думалі, што да іх прыменяць сілу, таму і пачалі абараняцца. Адвакаты падсудных таксама сьцьвярджаюць, што падзеі маглі б разьвівацца інакш, калі б начальнік міліцыі агучваў каманды ў завуаляванай форме, якую маглі б зразумець толькі сілавікі.

Пры гэтым сам Каравякоўскі раней у судзе заяўляў, што ніякіх загадаў асабіста не аддаваў. А самі міліцыянты, згодна з матэрыяламі справы, дзейнічалі ў межах паўнамоцтваў, не чынілі гвалту ў адносінах да пратэстоўцаў і ажыцьцяўлялі ахову грамадзкага парадку «з мэтай спыненьня несанкцыянаванай масавай акцыі каля будынку гарвыканкаму».

Родныя ж першай групы фігурантаў кажуць, што на паседжаньні 13 красавіка паказалі таксама фота і відэа падсудных, зробленыя пасьля іх затрыманьня 10–11 жніўня. Сваякі фігурантаў прызналіся, што былі ў шоку. На прадстаўленых кадрах, кажуць яны, «хлопцы былі страшна зьбітыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 6 з паловай гадоў зьняволеньня. Вынесьлі прысуд 14 фігурантам «пінскай справы». ВІДЭА