Судзьдзя Вольга Шапавал прызнала Хамайду вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Дзеяньні актывіста кваліфікавалі паводле ч. 3 арт.23.34 КаАП, паведаміла «Віцебская Вясна».
Барыс Хамайда на пачатку паседжаньня заявіў судзьдзі, што пасьля 1996 году ніводзін зь яе калегаў ня мае законных паўнамоцтваў, бо прызначае іх нелегітымны кіраўнік.
У пратаколе міліцыянты пазначылі, што 9 сьнежня каля дому № 30 па вуліцы Леніна ў Віцебску Хамайда «ўзяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні». Ён «разьмясьціў плякат зь лёзунгам „Жыве Беларусь!“, улётку з друкаваным тэкстам „Ты пераможаш!“ і стужкі бела-чырвонага колеру».
Хамайда заўважыў, што першапачаткова на яго склалі іншы пратакол, у якім пазначылі бел-чырвона-белы сьцяжок і раздрукоўку малітвы-вышыванкі «Ойча наш». Але замену пратаколу суд да ўвагі не прыняў.
Распаўсюднік незалежнай прэсы падкрэсьліў, што стаіць з малітвай 7 гадоў, а са стужкай — каля 14-ці. Ён абурыўся, што міліцыянты забралі ў яго два тэлефоны, а ўмовай вяртаньня назвалі выплату штрафу.
З пратаколам актывіст не пагадзіўся, ніякай віны за сабой не прызнаў, даваць паказаньні адмовіўся.
«Я паказваю, што жыву ў Беларусі, што тут жывуць беларусы, што ёсьць гісторыя, бел-чырвона-белы сьцяг — гістарычны... І з боку маралі, і з боку законнасьці ўсё нармальна. Я лічу, што гэтак выказваў нацыянальны, беларускі інтарэс, а грамадзкі ён ці палітычны, вызначайце самі», — сказаў Барыс Хамайда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фотажурналістку БелаПАН Віялету Саўчыц завочна аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд спартовай салідарнасьці аплаціў штраф 87-гадовай пэнсіянэрцы