У Менскі абласны суд паступіла крымінальная справа былога дырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава, якога абвінавацілі ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Дата пачатку працэсу яшчэ ня вызначана.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў прэс-службе Вярхоўнага суду.
Справу супраць Мальцава пачалі ў сакавіку. Абвінавачаньне — злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі пры выкананьні дзяржпраграмы па мадэрнізацыі прадпрыемства. Гэта нанесла шкоду ў памеры 18 мільярдаў рублёў, а таксама прывяло да зрыву тэрмінаў рэалізацыі дзяржпраграмы па мадэрнізацыі прадпрыемства, паведаміў Сьледчы камітэт. Падчас расьсьледаваньня справы арыштавана маёмасьць на суму больш за 400 мільёнаў рублёў. Сам Уладзімер Мальцаў пад вартай.
8 лістапада 2013 году падчас вывучэньня сытуацыі на «Барысаўдрэве» Аляксандар Лукашэнка звольніў кіраўніка Менскага аблвыканкаму Барыса Батуру, намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Тура, а таксама старшыню канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандра Пераслаўцава. Пры гэтым Лукашэнка прыгразіў крымінальнай справай:
«Батуру вызваліць ад займанай пасады і накіраваць сюды (у ААТ „Барысаўдрэў“. — РС) кіраўніком. Калі праз тры дні ня выйдзе на працу, распачаць крымінальную справу па ім. Калі ён тут ня здолее да вясны — завесьці крымінальную справу», — заявіў Лукашэнка, наведваючы ААТ «Барысаўдрэў».
«Калі ў вас будуць найменшыя падазрэньні па старшыні канцэрну, па Батуру, па Сямашку (першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. — РС) — неадкладна ўключайце іх у крымінальную справу», — заявіў 8 лістапада Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да старшыні Камітэту дзяржкантролю Аляксандра Якабсона.
18 жніўня Лукашэнка вызваліў Аляксандра Якабсона ад пасады старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю. Як паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба, — «у сувязі зь пераводам на іншую працу».
Аляксандар Пераслаўцаў узначаліў «Будаўнічы трэст № 21».
Пасьля звальненьня Андрэй Тур заявіў журналістам, што не зьбіраецца працаваць на дзяржслужбе, а Батура сказаў, што ён пэнсіянэр і будзе адпачываць.