У Маскве прайшлі перамовы міністраў замежных справаў Беларусі і Расеі Максіма Рыжанкова і Сяргея Лаўрова. Яны абмеркавалі двухбаковыя і міжнародныя стасункі, падрыхтоўку да сумеснай калегіі МЗС дзьвюх дзяржаваў, якая сёлета пройдзе ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе БЕЛТА.
Гэта першы візыт Рыжанкова ў Маскву ў якасьці міністра, згадаў Лаўроў. На якія тэмы публічна выказаўся міністар замежных справаў Беларусі і падчас перамоваў, і ў расейскай мэдыйнай прасторы.
Расея
- Адносіны паміж лідэрамі краін маюць ключавое значэньне для выбудоўваньня беларуска-расейскіх сувязяў. МЗС Беларусі цалкам падтрымлівае ўсе інтэграцыйныя задачы.
- Пахваліў пашырэньне ўзаемнай дыпляматычнай прысутнасьці ў рэгіёнах Расеі і Беларусі: «Практычна ў вас ужо ўва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў адпаведнасьці з рашэньнямі ёсьць ці могуць быць адкрытыя дыпляматычныя прадстаўніцтвы, з улікам апошняга рашэньня аб Віцебску, Магілёве і Гомлі. Ну і мы таксама значна за апошні час нарасьцілі сваю прысутнасьць у рэгіёнах Расеі», — сказаў Рыжанкоў.
- Летась таваразварот паміж дзьвюма краінамі склаў каля 52 млрд даляраў, яшчэ 8 млрд даляраў прыпала на гандаль паслугамі.
Украіна, мірныя перамовы
- «Шчырасьці ў заявах украінскага рэжыму аб неабходнасьці дасягненьня міру няма, — заявіў міністар Рыжанкоў у інтэрвію тэлеканалу «Россия 24». — Мы ў Беларусі бачым, як адчуваецца, наколькі расейскі бок гатовы да мірных перамоваў, да рашэньня пытаньняў у кожны момант гістарычнага разьвіцьця гэтага канфлікту». На думку Рыжанкова, цяпер украінскі бок бярэ ўдзел у перамовах толькі з тактычных меркаваньняў, каб праверыць Расею, ці гатовая яна да міру, або злавіць на жаданьні прадоўжыць канфлікт.
- Абмяркоўвалі пытаньні вырашэньня ўкраінскага крызісу, магчымага ўдзелу Рэспублікі Беларусь у дасягненьні мірнага ўрэгулявання.
- Удзячны Расеі за імкненьне ўлічыць меркаваньне Менска адносна працэсаў, якія адбываюцца, і за «улік нашых інтарэсаў у перамоўным працэсе».
Краіны Балтыі
- Некаторыя краіны Эўрапейскага Зьвязу жывуць ідэямі рэваншызму. Напрыклад, так званыя «балтыйскія тыгры». Міністар лічыць, што краіны Балтыі гатовыя на ўсё, «нават на самыя абсурдныя крокі», абы апынуцца ў ліку пераможцаў Расеі. Іншыя ж краіны баяцца канкураваць з Расеяй, таму спрабуюць задушыць яе.
- Для краін Балтыі адзіная магчымасьць нагадаць пра сябе на прасторы Эўрапейскага Зьвязу — назваць сябе фарпостам, што стрымлівае орды рускіх і беларусаў, якія інакш запаланілі б усю Эўропу. «Усе антырасейскія, антыбеларускія найбольш яскравыя і вынаходлівыя санкцыі, абмежаваньні або палітычныя выказваньні — адтуль».
Кітай
Таваразварот Беларусі з Кітаем сёлета можа быць удвая вышэйшым, чым з ЭЗ. «Сёньня ў нас гандлю з Кітаем больш, чым з Эўрапейскім Зьвязам. Хоць яшчэ гады чатыры таму гэта было разы ў тры, напэўна, менш. Сёлета, калі мы будзем ісьці такімі тэмпамі, у тым ліку і наш экспарт у Кітай, будзе разы ў два ўжо большы, чым з Эўрапейскім Зьвязам».
Асноўныя партнэры
Беларусь лічыць важным удзельнічаць у дзейнасьці БРІКС і ШАС. «Гандлёва-эканамічныя вынікі ідуць за ўдзелам у гэтых утварэньнях нашых самых асноўных партнэраў. Гэта і Расея, і Кітай, і Індыя».
Беларусь задавальняе ступень інтэграцыйных працэсаў у Эўразійскім эканамічным саюзе, хаця «сёе-тое прабуксоўвае».
Захад
Краінам глябальнай большасьці ўжо надакучыў мэнтарскі тон Захаду.
Афрыка
За апошнія гады шматкроць павялічыўся таваразварот Беларусі зь дзяржавамі Афрыканскага кантынэнту, а колькасьць праектаў вырасла ў дзясяткі разоў.
Форум