Ад пачатку году ў межах бязьвізу Беларусь наведалі каля 90 тысяч іншаземцаў. Адкуль больш за ўсё ахвотных

Памежны пераход, ілюстрацыйнае фота

З 1 студзеня сёлета ў Беларусь прыбылі 89 295 іншаземцаў з 38 краін, уключаных у сьпіс бязьвізу, паведамляе Памежны камітэт.

Большасьць падарожнікаў прыехалі з суседніх краінаў — Літвы, Латвіі і Польшчы.

Бязьвізавы парадак уезду ў Беларусь для грамадзян Польшчы, Літвы і Латвіі Аляксандар Лукашэнка ўвёў у 2022 годзе. Ад таго часу, паводле памежнікаў, Беларусь наведалі 353 931 жыхароў Латвіі, зь Літвы прыяжджалі 623 588 чалавек, з Польшчы — 114 138.

У ліпені 2024 Беларусь пашырыла бязьвіз на 35 эўрапейскіх дзяржаваў, ад таго часу Беларусь наведалі 29 373 замежнікі.

Бязьвіз распаўсюджваецца на жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бэльгіі, Баўгарыі, Босьніі і Герцагавіны, Ватыкану, Вялікай Брытаніі, Вугоршчыны, Нямеччыны, Грэцыі, Даніі, Ірляндыі, Ісьляндыі, Гішпаніі, Італіі, Кіпру, Ліхтэнштайну, Люксэмбургу, Мальты, Манака, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славаччыны, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швайцарыі, Швэцыі і Эстоніі.

Грамадзяне гэтых дзяржаваў могуць уяжджаць у Беларусь бязь візы праз наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску «на падставе дзейных дакумэнтаў», знаходзіцца на беларускай тэрыторыі «ня больш за 30 сутак ад дня ўезду». Усяго цягам году яны могуць прабыць на тэрыторыі Беларусі ня больш як 90 дзён. Яны могуць праяжджаць празь Беларусь транзытам, але толькі не ў Расею.

На гэты момант бязьвізавы ўезд для грамадзян 38 эўрапейскіх краін дзейнічае да 31 сьнежня 2025 году ўключна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бязьвіз» з Альбаніяй для беларусаў спыніцца з 30 верасьня